Павал Абрамовіч: У плыні беларускага дзуйхіцу

22-04-2014 05:16
Павал Абрамовіч: У плыні беларускага дзуйхіцу
Зборнік “Зкімбы-зымбы” варты прэміі найперш таму, што яго сааўтарам выступіў сам Васіль Быкаў — пісьменніку-легендзе “належыць” палова кнігі. Голас Быкава гучыць у знітаваных пад адной вокладкай інтэрв’ю — шчырая інтанацыя, праўдзівы аповед аб жыцці і літаратуры ператвараюць публіцыстычныя тэксты ў мастацкую прозу глыбокага маральна-філасофскага зместу, перад якой саступае любы іншы твор, вылучаны на прэмію Гедройца. Да таго ж “Зкімбы-зымбы” ў якасці бонусу ўтрымлівае лісты Быкава і ягоны арыгінальны малюнак.

Дарэчы, шукаць тут, у раздзеле “З Быкавым”, асобу Аляксандра Л. дарэмна: ён усяго толькі цягавіты журналіст, баец нябачнага фронту, які, вытрымліваючы дыстанцыю паміж сабой і вялікім пісьменнікам, фіксуе ягоныя адказы на пытанні, і кропка. Аляксандр Л. мог бы выкарыстаць такі жанр, як гутарка, каб выявіць сваю асобу, уласны светапогляд, адначасова запрасіўшы Быкава да больш шырокага асэнсавання рэчаіснасці, але ж не. Сціплае нежаданне аўтара быць роўным свайму суразмоўцу відавочнае, аднак і неабачлівасць заўважная таксама, бо ў гэтым выпадку размова з Быкавым магла б атрымацца яшчэ больш важкай, насычанай.

Наогул, хто такі Аляксандр Л.? Таямніца невялікая і разгадваецца адразу, бо на вокладцы “Зкімбы-зымбы” змешчаны фотаздымак аўтара — дырэктара Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандра Лукашука. Недарэчнасць атрымліваецца: прозвішча аўтара “Зкімбы-зымбы” скарочанае да адной літары, але ж у выхадных звестках яно прыведзена цалкам, да таго ж ёсць аўтарскі здымак, дакладней два… Ці ж ўдалая гэта спроба з “парогу” надаць кнізе мастацкасці, адасобіцца ад самога сябе?

У адным з раздзелаў, які даў назву ўсяму зборніку, змешчаны аповеды пра сяброў Лукашука: Сашы Б., Сяргея С., Аляксандра Ў., Сяргея Н., Сяргея Д., Валянціна Ж., Генадзя М., Уладзі А., Вячаслава Р., Яна Б. і Стэфана Б. Гэтыя людзі таксама пазнавальныя — высілкі тыпізаваць (?) іх, “прыхаваць” (?), абараніць ад суроку (?) не мелі поспеху; усе яны навідавоку.

Неадназначнае стаўленне выклікае і тое, што амаль усе тэксты, змешчаныя ў “Зкімбах-зымбах”, ужо друкаваліся раней. Тое “невялікая” бяда для Беларусі — нашых сучасных аўтараў хлебам не кармі, дай толькі перадрукаваць колькі разоў свае тэксты, ізноў апынуўшыся на слыху і з капейчынай у кішэні, але ж кніга Лукашука намінаваная на прэстыжную літаратурную прэмію, і яе неарыгінальнасць патрабуе згадкі, калі не асуджэння. (Наогул журналісту, да таго ж кіраўніку кампаніі, не робіць гонару друкаванне адных і тых жа тэкстаў у розных выданнях — ці не таму аўтар “Зкімбаў-зымбаў” спрабуе ператварыцца з журналіста ў пісьменніка, зрабіўшыся Аляксандрам Л., ператварыўшы тэксты ў творы?)

Так, раздзел “Саша, what is your name?” раней друкаваўся ў “Дзеяслове” (№ 48), а да гэтага яшчэ выходзіў на “Радыё Свабода” пад назвай “Ліст да Мілаша”. Усе інтэрв’ю з Быкавым, змешчаныя ў кнізе, таксама гучалі на радыё. Як і карэспандэнцыі кшталту “Дзяржынскі як прыкметнік”. Між іншым, сама будова тэкстаў “Зкімбы-зымбы” выдае іх журналісцкае (радыё)паходжанне: вострая публіцыстычнасць, засяроджанасць на адной тэме, лёгкі сінтаксіс, невялікі аб’ём.

Аднак усім жанрам можна дараваць, акром сумных. Аляксандр Лукашук “валодае пяром”, як казалі на факультэце журналістыкі БДУ ў мінулым стагоддзі. “Зкімбы-зымбы” атрымалася кнігай змястоўнай, багатай на вобразы і ўспаміны, лірычна-кранальнай, гумарыстычнай. І ў наш час, калі нататка спрэс выдаецца за артыкул, а артыкул — за эсэ, ці трэба наракаць, што “Зкімбам-зымбам” не хапае мастацкасці і свежасці, каб творам звацца, каб быць годным удзельнікам літаратурнага працэсу?.. Пройдзе няшмат гадоў і да некаторых раздзелаў зборніка, прыкладам, “Люстрацыі наадварот”, дзе Лукашук змясціў партрэтныя нарысы (сучаснікаў, а не сУчаснікаў), звернецца яшчэ больш чытачоў, бо тут ёсць дэталі і назіранні, дзякуючы якім публіцыстыка робіцца сугучнай мастацтву, вытрымлівае праверку часам, як і самыя выдатныя мастацкія творы, патрабуе перачытання. Тут ёсць эпоха і людзі, зразумелыя, адчутыя аўтарам, — яны былі і застаюцца найгалоўным “зместам” як журналістыкі, так і літаратуры. Прычым Лукашук — адзін з удзельнікаў дзеі, не пыхлівы герой, але назіральны персанаж і адначасова храніст, захавальнік падзеяў, словаў і ўчынкаў.

Аўтар “Зкімбаў-зымбаў” прапаноўвае нам сваю версію пакручастага беларускага жыцця, якое цячэ з мінулага ў будучыню напрасткі праз нас цяперашніх, — тое наша дзуйхіцу, дзетка, сачы за следам матылька.

І Быкаў — неадлучная частка гэтага жанру, ён паўсюль як жыццё.

Павал Абрамовіч

Журы


Валянцін
Акудовіч

Уладзімір
Арлоў

Альгерд
Бахарэвіч

Барыс
Пятровіч

Андрэй
Хадановіч

Ціхан
Чарнякевіч

Малгажата
Бухалік

Адам
Паморскі

Лешак
Шарэпка