Вінцэсь Мудроў
“Багун”
Полацк: “Полацкая ляда”
Пра кнігу:
Галоўны прадстаўнік полацкай школы іранічнай прозы Вінцэсь Мудроў нарэшце парадаваў сваіх прыхільнікаў новай кнігай. У зборнік “Багун” увайшло 14 апавяданняў, напісаных пры канцы ХХ — у пачатку ХХІ стагоддзяў.
Сабраныя разам тэксты чарговы раз пераканаўча засведчылі літаратурны талент Мудрова — віртуознага стыліста і дасціпнага апавядальніка.
Кніга аб’яднала, з аднаго боку, такія сур’ёзныя аповеды з быкаўскай драматургіяй, як, напрыклад, “Калодзеж”, з другога — саркастычныя памфлеты і шаржы на мінулую савецкую эпоху. Чытач знойдзе тут і славуты аповед “Іду на таран!”, які ўжо стаў візітоўкай мудроўскай прозы.

Пра аўтара:
Вінцэсь Мудроў нарадзіўся 11 верасня 1953 года ў Полацку ў сям’і вайскоўца. Скончыў Наваполацкі політэхнічны інстытут. Працаваў інжынерам у Беларусі і ў Сібіры, карэспандэнтам Радыё Свабода. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў і Таварыства Вольных Літаратараў. Аўтар кніг прозы: “Жанчыны ля басейна” (1992), “Гісторыя аднаго злачынства” (1993), “Зімовыя сны” (1999), “Ператвораныя ў попел” (2005), “Альбом Сямейны” (2007), “Багун” (2013). У 1971—1974 гадах выдаваў у Наваполацку падпольны рукапісны літаратурны альманах “Блакітны ліхтар”. У 1993 годзе з сябрамі заснаваў Таварыства Вольных Літаратараў, з’яўляўся рэдактарам усіх тэвээлаўскіх выданняў. Жыве ў Наваполацку.
Іду на таран!
(урывак)
Кукарэка выбег з адрыны, цяжка затупаў па цэментавым ходніку, ляпнуў дзверцамі ўазіка і неўзабаве ізноў паўстаў перад палкоўнікам — цяпер ужо з буйнакаліберным кулямётам у руках. Такі паварот усхваляваў Бурзачылу. Палкоўнік спалатнеў, памкнуўся схапіць маёра за мундур, але той, выслізнуўшы з-пад рукі, спужаным катом узбіўся на капу. Там ён кляцнуў затворам, наблізіў зброю да храпуна і, наставіўшы рулю ў незашклёнае вакно, гваздануў адзіночным. У куце з адчайным лямантам узляцела курыца, знадворку загарлаў певень, а храпун, глынуўшы парахавога дыму чхнуў, няўцямна вылаяўся і яшчэ праз імгненне ўскудлачаная галава ягоная вытыркнулася з-за краю тарпы.
Маёр тым часам споўз, лежачы на жываце, долу і, наставіўшы на храпуна кулямёт, сувора прасіпеў:
— Імя... Прозьвішча...
Храпун узняў рукі, прыхапіўся, грымнуўся галавой аб крокву і палкоўнік адчуў на сваёй узмакрэлай шыі казытлівую парахню, якая сыпанула з даху.
— Кудзёлка... Аляксей... — прамовіў храпун, звёўшы вочы да кулямётнага дула.
— І хто такі? — ужо больш лагодна запытаўся маёр.
— Ды тут... працую... пілотам сельгасавіяцыі.
— Злазь, ты нам патрэбны, — падаў голас палкоўнік, з відочным хваляваннем закідваючы ў рот чарговую цыгарэціну.
Пілота таксама апанавала хваляванне. Яму нават мову заняло: ніжняя сківіца пілотава дробна задрыжэла й сунялася толькі тады, калі маёр апусціў кулямёт долу.
— Ды ў мяне паліва... на пяць хвілін лёту, — выдыхнуў пілот пераселым ад хвалявання голасам, — да граніцы не дацягнем.
— Нам за мяжу ня трэба. Акурат за пяць хвілін і ўправімся.
Пілота такія словы збянтэжылі. Ён апусціў рукі, пацёр далонямі па сподніках, а ўцяміўшы, што піраты прыехалі на бензавозе, змучана шморгнуў носам.
— Кола задняе зняў. Трэба новая ўтулка.
Запанавала ціша. Нават певень кінуў кудахтаць і цяпер ужо палкоўніку прыспела пара шморгнуць носам і пачухаць прыцярушаную парахнёй патыліцу.
Пілот ішоў да машыны як бальшавік на расстрэл — у кальсонах, прыпадаючы на левую нагу, пазіраючы праз плячук на кулямётную рулю, — а калі выходзіў з весьніц, аднекуль з суседняга агарода даляцеў помслівы голас знаёмай бабулі:
— Таварышы, ён і Лукашэнку лаяў!
...Да лётнішча ехалі што духу: разганяючы курэй і стукаючыся скронямі аб кулямётную рулю. Маёр наўмысна пасадзіў пілота на задняе сядзенне і даў у рукі зброю. Такія захады мусілі пераканаць небараку, што перад ім не паветраныя піраты, а абаронцы мірнага неба Садружнасці.
Між тым выгляд пілотавы прагнуў спагады: ніжняя сківіца дробна дрыжэла, вочы заплылі, у валасы ўбілася саламяная пацяруха, а спусцісты лоб баранавалі кроплі хвараблівага поту, якія, зрываючыся, цёмнымі плямамі пакрывалі падштанікі. Пілота даймала пахмелле.
Гледзячы на небараку, палкоўніку манулася дапамагчы хлопцу, падтрымаць шчырым словам, але словы такія не прыходзілі ў галаву — палкоўнік маўчаў і толькі ля самага лётнішча, згадаўшы пра бабулю, пранікнёна запытаўся:
— Што гэта за порхаўка... казу пасе?
— Сазоніха, — буркнуў пілот, зірнуўшы ў акенца, — жыве ў крайняй хаце. Звягня, якіх свет не бачыў.
Пілот змоўк, а палкоўнік, узбадзёраны такім адказам, тыцнуў пальцам у шыбу.
— А гэта што там за шост з абручом?
Не павярнуўшы галавы, пілот уздыхнуў, перакрывіўся як ад зубнога болю.
— “Каўбаса” была — кірунак ветру паказвала.
Уазік абмінуў рабую казу, праехаўся па полі і загамаваў у двух мэтрах ад “кукурузніка”, ля якога завіхаліся два шарагоўцы: чарнявы выціраў анучкаю перапэцканыя салідолам пальцы, а бялявы сядзеў на траве і смаліў цыгарэту.
У самалёта і сапраўды адсутнічала задняе кола — хвост стаяў на калодзе, а пад хвастом, у поўным бязладдзі, ляжалі падшыпнікі, патрубкі, кувалда з манціроўкаю, зашмальцаваная ватоўка, прыціснутая да зямлі бліскучым валам; апрача таго да хваста быў прыхінуты мэталёвы брус, цень ад якога перакрыжоўваў увесь гэты нацюрморт, а разам з ім і ўсе палкоўніцкія надзеі ды спадзяванні.
Палкоўнік паклаў рукі на цёплую абшыўку самалёта, прыціснуўся да абшыўкі лобам, заплюшчыў павекі.
Аперацыя была правалена, але ў душы палкоўніцкай не было ні жалю, ні роспачы, ні хвалявання. На душы было лёгка, прасветлена і чыста. Палкоўнік уявіў, як ён прыйдзе заўтра ў свой кабінет, падцягне па старой звычцы гіру старога гадзінніка, потым сядзе за стол і, ускудлаціўшы непаслухмяныя кучары, размашыстым почыркам напіша рапарт. Потым ён прысмаліць цыгарку, падыдзе да вакна і, глянуўшы долу, убачыць буфетчыцу Тосю. Тося адорыць яго белазубай усмешкай, сарамліва абцягне спадніцу і тут жа крутнецца на высокіх абцасіках, падступна агаліўшы крамяныя сцёгны.
Палкоўнік уздыхнуў, слізгануў далонню па вільготных павеках і пачуў раптам бадзёры голас чарнявага шарагоўца.
— Утулка паляцела.
— Цяміш, — адгукнуўся на тое пілот, з балесным вохканнем выдыхнуўшы паветра.
— У прынцыпе, можна ўзляцець і без кола, — ізноў падаў голас шараговец, — трэба які кавалак дрэва прымацаваць — зняць кару, змазаць салідолам...
Палкоўнік страпянуўся, умольна зірнуў на пілота. Пілот стаяў, як кол пракаўтнуўшы: лыпаў буркаламі, церабіў падштанікі і невядома колькі б усё гэта доўжылася, ды тут палкоўнік ляпнуў пальцамі па шыі, зганяючы казытлівую кузурку і пілот, па-свойму зразумеўшы такі жэст, нясмела прамармытаў:
— Можна паспрабаваць.
“Канешне можна!” — хацеў было крыкнуць палкоўнік, але стрымаўся, адно захоплена грукнуў кулаком па абшыўцы, а калі хлопцы кінуліся да элінгу — за пілой і сякерай, — воплескамі прыспешыў іхны бег.
У нябесным прыціне заліваліся жаўрукі, пад нагамі гулі чмялі і восы, жоўтае дзьмухаўцовае поле лашчыла пагляд, але палкоўнік нічога ня чуў і ня бачыў. Ён утрапёна хадзіў вакол самалёта, мармытаў сабе пад нос штосьці дарэшты няўцямнае, вадзіў рукамі ў паветры, мадэлюючы дзеянні на знішчэнні паветранага шара і маёру давялося гучна свістаць — у два, а потым у чатыры пальцы, перш чым палкоўнік ачуўся і зірнуў у бок легкавушкі. Маёр тыцнуў пальцам у неба, паказваючы, што тэлефануе шэф, але палкоўнік у адказ рашуча махнуў рукою: размаўляць з шэфам такой парой яму ніяк не выпадала.
Мядовы ветрык даносіў да вушэй абрыўкі фраз:
— ... Ажыццяўляем сачэнне... на перахоп паднятая эскадрыля знішчальнікаў... знішчыць цэль загадана экіпажу самалёта... — галава маёрава на кароткае імгненне вытыркнулася з кабінкі, — ... з бартавым нумарам нуль-дваццаць чатыры... Будзем рупіцца, таварыш генерал...
“Як мянташкай лупіць”, — прашаптаў палкоўнік ды, ці не ўпершыню за ўвесь час знаёмства з маёрам, падумаў, што Кукарэка наогул някепскі малец.
Кукарэка тым часам ляпнуў дзверцамі ўазіка, а згледзеўшы шарагоўцаў, якія цягнулі тоўстую ліпавую крывуліну, пабег ім насустрач.
“Як Ленін на суботніку”, — адзначыў палкоўнік, пабачыўшы, як маёр падставіў плячо пад тонкі канец крывуліны і, цыкнуўшы слінай, рушыў да пілота, які цягнуў два тросы, скрутак дроту і яшчэ нейкае прычындалле.
Крывуліну прымацоўвалі ўсёй грамадой. Напачатку палкоўнік ня мог дабраць ладу: як гэта можна прымацаваць гладкае бервяно да шпяня, на якім сядзела кола. А хвілін праз дзесяць, калі, з дапамогаю кувалды, манціроўкі і троса, крывуліна была прымацаваная, ляпнуў Кудзёлку па плячы і захоплена выдыхнуў:
— З мяне вядро гарэлкі!
Потым яны ўтрох — палкоўнік з аднаго канца, два шарагоўцы з другога — прыўзнялі самалётны хвост на жалезным брусу, Кукарэка наехаў бамперам уазіка на калоду, выпхнуў яе з-пад хваста, і пілот Кудзёлка, абабіўшы кальсоны, задыхана мовіў:
— Трэба выкінуць усё лішняе.
Праз пару хвілін з разнасцежаных дзвярэй “кукурузніка” паляцелі мяхі з калійнымі ўгнаеннямі, падраная раскладушка, два магільных жалезных крыжы ды іншае ламачча. Пакуль шарагоўцы выкідвалі хломазд, пілот з маёрам наладжвалі радыёсувязь.
— Паліва зусім мала. Можам не ўзляцець, — зумкнуў у дынаміку кудзёлкавы голас, калі сувязь была наладжаная.
— А ў бочцы ці ёсць што? — запытаўся палкоўнік, перахапіўшы з маёравых рук слухаўку.
Палкоўнік наструніў слых, але сувязь перарвалася.
— Крыху ёсць, — гукнуў Кудзёлка, цяпер ужо з самалётнага нутра і неўзабаве на паляну са страшэнным бразгатам выкацілася пакарабачанае вядро.
З аграмаднай бочкі, што стаяла на ўзмежку лётнага поля, нацадзілі чатыры вядры, пры гэтым шмат паліва пралілі. Ня бачылі, як поўнілася вядро, бо ў восем рук, крахтаючы і выпускаючы паветра, прыўздымалі бочку з дапамогаю ўсё таго ж жалезнага бруса.
І вось яна наспела, тая шчымліва-трывожная хвіліна, калі Кукарэка ўскінуў на плячук кулямёт, шырокім крокам пайшоў да самалёта, а следам, спрабуючы ісці ў нагу з маёрам, рушыў чарнявы шараговец.
— З богам! — прашаптаў услед ім палкоўнік, залез у машыну і, стаіўшы дыханне, утаропіўся на нерухомы крыж прапелера.
У нутры “кукурузніка” штосьці загуло, заляскатала, прапелер зварухнуўся, зрабіўся нябачным і пыльная віхура, узнятая самалётам, прымусіла прыкрыць далонню вочы. Калі ж палкоўнік растуліў пальцы і зірнуў адным вокам на свет божы, самалёт з шалёным выццём бег па полю, не даючы рады ўзняцца ў паветра, і з-пад ліпавай крывуліны, здавалася, сыпаліся іскры.
Палкоўнік ізноўку звёў пальцы, а калі чарговым разам расплюшчыў вока, дык убачыў, што самалёт адарваўся ад зямлі і, заваліўшыся на левае крыло, пачаў набіраць вышыню. Палкоўнік налёг спінаю на прыслон сядзення, сашчапіў за патыліцай пальцы рук, з палёгкаю ўздыхнуў, але праз імгненне прыхапіўся і акруглымі вачыма глянуў на хвост “кукурузніка”. Прытарочаная да хваста крывуліна нечакана адарвалася, матлянулася на тросе й паляцела долу — акурат на хату, дзе жыла Сазоніха. Назіраючы такое, палкоўнік ссунуўся на край сядзення, спрабуючы такім чынам змяніць траекторыю палёту й яму гэта ўдалося: крывуліна грымнулася дзесьці ў двары і, мяркуючы па тым, што ў неба ўзняліся куры й аблачына парахні, патрапіла ў бабчын хляўчук.
Самалётны гуд паволі аціх, над галавою ізноў заспявалі птушкі, а ў мястэчку натужна забрахалі сабакі, устрывожаныя падзеннем бервяна.