Марына Весялуха: Карункі памяці

23-04-2014 04:43
Марына Весялуха: Карункі памяці


“Гісторыя вучыць толькі таму,
што яна ніколі нічому не навучыла народы”

Г. Гегель


Выдатна было б, каб усю гісторыю чалавецтва добры (ці злы) чараўнік ператварыў у вялікі клубок нітак. Не тоўстых, а тоненькіх, кшталту мулінэ, зручных для пляцення карунак. Гэты ж (ці іншы) чараўнік мог бы звязаць з іх магічную “шапачку памяці”: значныя падзеі, войны і нястачы ён зашыфраваў бы ў адмысловых узорах, а гады міру і дабрабыту адлюстраваў бы лініямі. Навошта нам гэтая шапачка? Усё вельмі проста. Вось збіраецца які-небудзь важак племені, кароль, фараон, хан ці прэзідэнт распачаць вайну — з’яўляецца чараўнік і надзявае яму на галаву шапачку. Нават на секунду: спыніся, паглядзі, што ўжо адбывалася, і задумайся. Яшчэ ж не позна ўсё перайначыць.

На жаль, такой чароўнай шапачкі ў сусвеце не існуе, але пра каштоўнасць ідэі задумваюцца многія, у тым ліку і Ларыса Вашкевіч-Краўз, галоўная гераіня аповесці Алены Брава “Дараванне”. Яна часта разважае пра карысць гістарычнай памяці, прысутнасць ці адсутнасць сведчанняў мінулага ў жыцці, а таксама магчымасць карыстацца ўспамінамі іншага чалавека. На канцэпт памяці пісьменніца стратэгічна нанізвае ўсе асноўныя падзеі аповесці. Месцам разгортвання падзей становіцца невялікая вёска ў Германіі, а галоўнымі героямі — беларуска і немец. Адметна, што гэты немец — колішні салдат, удзельнік Другой сусветнай вайны, які калісьці ваяваў непадалёк ад родных мясцін беларускі. Сёння ён пакутуе на сіндром Альцгеймера, а беларуска мусіць даглядаць старога. Апынаецца, што гэтыя дзейныя асобы — не ворагі, а хутчэй хаўруснікі, і сувязь паміж імі прасочваецца не толькі на ўзроўні сваяцкіх зносінаў сёння, але і стаўлення да памяці.

Каб было больш зразумела, пачнём з пачатку. Ларыса Вашкевіч-Краўз сёння жыве ў Германіі. Яна выйшла замуж за Ральфа Краўза і цяпер з’яўляецца афіцыйнай сядзелкай яго старога бацькі Ганса. У нямецкую вёсачку беларуска фактычна ўцякла ад гаротнага жыцця на радзіме: успамінаў пра мужа, які павесіўся на дзязе ў пустой кватэры, прайграўшы і прапіўшы перад гэтым усю маёмасць Ларысы і яе маці (яна крыху раней памерла ад інсульту); ад шэрага неба, адчування мінулых катастроф (у тым ліку вайны і аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі). Яна жадала спыніць сваю хваробу — хуткае зніжэнне вастрыні зроку (вочы нібыта сімвалічна адмаўляліся бачыць рэчаіснасць), а таксама забяспечыць добрае жыццё дачцэ Светцы.

У Германіі Ларыса бачыць чыстае яснае неба, прыгожыя дамы, забяспечанае жыццё, адваротным жа бокам амаль утапічнай рэчаіснасці становіцца хвароба свёкра, скупасць мужа і — самае горшае — амаль поўная адсутнасць у мясцовых жыхароў павагі да мінулага. Пры гэтым мінулае — не толькі агульнанацыянальныя важныя падзеі, але і гісторыя ўласнай сям’і. Тут не прынята даглядаць састарэлых бацькоў, адносіны паміж сямейнымі рэгламентуюцца юрыдычнымі дамовамі, і нават месца на могілках праплочваецца толькі на пэўную колькасць гадоў. Не заплаціў сын своечасова за магілу маці — царква мае права дэмантаваць помнік, выкапаць косткі і вызваліць месца для новага пахавання.

Але яшчэ больш “асцярожна” немцы ставяцца да памяці пра Другую сусветную вайну. Вядома, што дзеці “пакалення злачынчаў”, то бок тых, хто ваяваў, не жадаюць размаўляць з бацькамі на гэтую тэму. Яны памятаюць іх маладымі і не могуць нават уявіць, што іх родныя рабілі нешта кепскае падчас вайны. Напэўна, таму і Ральф, муж Ларысы і сын Ганса, не можа дакладна распавесці, што рабіў яго бацька на фронце ў 1944 годзе. Напэўна, таму майскі выпуск часопіса, які выдаюць рускія ў Германіі, ніводным словам не згадвае падзеі 9 мая 1945 года.

Ды Ларыса не прымае розных апраўданняў. Для гераіні падзеі вайны — частка сямейнай гісторыі. Вёска, дзе жыла яе бабуля, была спаленая ў час акупацыі, і метрыкі яе бацькі згарэлі. Але яшчэ больш страшны іншы факт: бацька гераіні жыў па дакументах свайго малодшага брата, які задыхнуўся, калі бабуля, хаваючыся з дзецьмі ў лесе падчас аблавы, спрабавала даць немаўляці цыцку, каб ён плачам не выдаў усіх. Яшчэ больш уражвае тое, што з цягам аповеду становіцца зразумела, што Ганс у той час быў менавіта ў родных мясцінах Ларысы і, магчыма, удзельнічаў у той страшнай карнай аперацыі.

Дзеянні і ўчынкі Ганса, хворага на сіндром Альцгеймера, становяцца проста невыноснымі для Ларысы. Калі раней гэты стары, які мае “выцвілыя вочкі рэдкага блакіту”, “пух на цемені, нібыта мох на камені-кругляшы, худыя ногі”, выклікаў пачуцці шкадавання, нейкага цёплага клопату і павагі, то цяпер яго начныя “гульні ў вайну”, будоўля акопаў і пошукі нейкага злачынцы становяцца невыноснымі. Хвароба сцірае з памяці элементарныя звесткі і ўменні, напрыклад, Ганс ужо не ведае, як вадзіць машыну, зашпіліць маланку ў штанах, а замест 80-га дня народзінаў святкуе сваё 17-годдзе, але востра аднаўляе ў памяці яркія падзеі мінулага. Жыць пад адным дахам з “ворагам” становіцца немагчыма, і Ларыса з мужам прымаюць рашэнне адвезці старога ў дом састарэлых.

Ідэя “чароўнай шапачкі” спрацоўвае менавіта ў такі крытычны і пераломны момант. Цяпер гераіня будзе спакойная, бо ўжо не жыве пад адным дахам з ворагам, але ў той жа час проста па-чалавечы мусіць перажываць за хворага сваяка, да якога прывыкла. Яна зноў не спіць, мусіць пайсці ў пакой Ганса і знайсці тую самую сімвалічную “шапачку” — яго дзённік, прачытаць і пераканацца ў невінаватасці старога. Усё становіцца на свае месцы: так, ён нібыта ваяваў у родных мясцінах Ларысы, але не ўдзельнічаў у карнай аперацыі. Зусім наадварот. 17-гадовы юнак закахаўся ў мясцовую дзяўчыну Зосю і папярэдзіў вёску пра планы нацыстаў. Усіх “здаў” паліцай з мясцовых. Ганс шукаў яго і цяпер, каб адпомсціць за забітую каханую.

Менавіта стары, хворы на сіндром Альцгеймера (як сімвалічна!) становіцца носьбітам гістарычнай памяці, ён паважае падзеі мінулага, але спрабуе і сёння іх выправіць, каб неяк апраўдаць сябе і прыпыніць злачынствы здрадніка.

У гэтай “гісторыі пра гісторыю” ўсё заканчваецца хэпі-эндам. Старога забіраюць дадому. Ларыса зноў будзе цярпець яго выбрыкі, але ўжо з разуменнем таго, што Ганс — станоўчы герой. Яму можна ўсё дараваць і спакойна спаць, зрэдзьчас прачынаючыся, каб прыслухацца і праверыць, як там ён.

Жыццё паказвае, што заканчэннем можа быць і іншае выйсце — пагадзіцца з Олдасам Хакслі, які пісаў: “Можа быць, найвялікшы ўрок гісторыі сапраўды заключаецца ў тым, што ніхто ніколі і нічому не навучыўся з гісторыі”. У такім выпадку наша карункавая “шапачка памяці” з каштоўнай знаходкі ператвараецца ў непатрэбны і нават шкодны рудымент. Дараваць, супакоіцца і пачаць жыццё па-новаму? Рабіць памылкі, ужо знаёмыя чалавецтву, ды свае. Але ж нават хвасцец, апендыкс і зубы мудрасці, якія лічацца ў медыцыне рудыментарнымі органамі чалавека, маюць сваю функцыю ў арганізме. Дык навошта тады адмаўляцца ад гістарычнай памяці?

P.S. Адметна, што наклад кнігі (у яе ўвайшла аповесць Алены Брава на беларускай мове, а таксама ў аўтарскім перакладзе на рускую і ў перакладзе на нямецкую мову, які выканаў Андрэ Бём) — 1418 асобнікаў: менавіта столькі дзён і начэй доўжылася Вялікая Айчынная вайна. А эпізод смерці маленькага хлопчыка ў балоце сапраўды меў месца. Алена Брава мае адметнае імя па бацьку. Валерыем звалі яе дзядзьку, які памёр немаўляткам у час вайны.

Марына Весялуха

Журы


Валянцін
Акудовіч

Уладзімір
Арлоў

Альгерд
Бахарэвіч

Барыс
Пятровіч

Андрэй
Хадановіч

Ціхан
Чарнякевіч

Малгажата
Бухалік

Адам
Паморскі

Лешак
Шарэпка