Дзяніс Марціновіч: Гульня ў літаратуру

25-04-2014 11:35
Дзяніс Марціновіч: Гульня ў літаратуру
Расчарую чытача, які мог набыць кнігу Наталкі Харытанюк дзякуючы яе назве, чакаючы адлюстравання жыцця сэкс-меншасці ці пікантных падрабязнасцяў. Слова “лесбіянка”, вынесенае на вокладку, — звычайны маркетынгавы ход выдавецтва “Логвінаў”. У назве зашыфраваная адна з зачэпак дэтэктыўнай гісторыі, якая разгортваецца ў кнізе: сталічнага крытыка Ганну Куліч, якую забілі ў Полацку, калегі лічаць лесбіянкай. Астатнія прыклады ўжывання гэтага слова можна пералічыць па пальцах адной рукі. Напрыклад, аўтар між іншым згадвае, што ў маладую гераіню закахаліся хлопцы, а таксама дзве кабеты і дзяўчына-аднакурсніца. У іншым эпізодзе галоўная гераіня твора, Наталка, кажа сваёй цётцы, што яе вершы былі прысвечаны “estrangement legitime” (перакладаецца як “адчужэнне законна”). А тая чамусьці вырашае, што размова тычыцца лесбіянак.

Такім чынам, перад намі зусім не таннае бульварнае чытво. Наадварот, пісьменніца пазіцыянуе свой раман як метафізічны дэтэктыў. Варыянтаў інтэрпрэтацыі такога жанру як мінімум два. Адданыя прыхільнікі Харытанюк могуць параўнаць “Смерць лесбіянкі” ледзь не з творамі Борхеса, чые філасофскія разважанні і літаратурная гульня часта хаваліся за дэтэктыўнымі прыгодамі. Скептыкі могуць разгарнуць “Сціслы слоўнік літаратуразнаўчых тэрмінаў”, дзе “метафізічны дэтэктыў” тлумачыцца ўсяго толькі як пародыя на дэтэктыўны аповед.

Парадыйнага ў “Смерці лесбіянкі” сапраўды хапае. Цёця шпурляе пярсцёнкам у следчага і валіць таго з ног. Нібы ў сапраўдным дэтэктыве, героі некалькі разоў распрацоўваюць памылковыя версіі і лічаць забойцамі невінаватых людзей (ювелірнага Майстра або дэтэктыўшчыка Віталя). Але цёця абвінавачвае Майстра ў забойстве, бо ён нібыта нарадзіўся ў год Казы. А таму нібыта здатны на ўсё.

Да пэўнага часу такая парадыйнасць працуе нядрэнна. Варта згадаць і пра аўтарскую іронію ў адносінах да дэтэктыўнага жанру, якой сама Харытанюк не хавае. “Але штосьці замінае мне ўсур’ёз разглядаць магчымыя версіі — смірна ў руцэ лесбіянкі, валасатыя рукі следчага ці трывожная ўсмешка прафесаркі”, — разважае галоўная гераіня. (Наогул Харытанюк вядзе аповед ад першай асобы, якая часам атаясамліваецца з аўтарам. Напрыклад, гераіня, якую клічуць так, як і пісьменніцу, жыве ў Брэсце, перабіраецца ў Мінск і г.д.) “Але ў нашым дэтэктыве шмат выпадковых супадзенняў”, — кажа цёця. “Гэта (…) абавязковая эратычная сцэна ўсялякага дэтэктыва?” — думае ў іншым эпізодзе Наталка.

Але неўзабаве пачынаеш разумець, што ў “Смерці лесбіянкі”слаба працуюць прычынна-выніковыя сувязі і адсутнічаюць матывы ва ўчынках дзейных асобаў. Асобныя героі і эпізоды з іх удзелам здаюцца абсалютна штучнымі. Напрыклад, ніяк не развіваецца эпізод са сном, падчас якога Наталцы расказваюць пра сустрэчу у лёхах з таямнічай кабетай. Героі абедаюць ва “Украінскай хаце”, самай выкшталцонай рэстарацыі Полацка, а потым высвятляецца, што яе не існуе. А калі б існавала, што б змянілася? У рэстарацыі працуе афіцыянт у парыку, ссунутым на левы бок. Зноў жа, гэтая рыса ніяк далей не праяўляецца.

Галоўнае, абсалютна штучнай, парадыйнай аказваецца прычына, якая прымушае Наталку прыехаць у Полацк. На поўнач Беларусі гераіню гоніць праклён, які мусіць спраўдзіцца да канца года. Каб заінтрыгаваць чытачоў, Харытанюк прызналася ў адным інтэрв’ю, што “Смерць лесбіянкі” адрасаваная “тым, хто, як і я, любіць Страшнае, і каго ўжо трэба ратаваць ад вантробных жахаў забабоннай містыкі”. Стаўленне Харытанюк да такой містыкі праяўляецца ў эпізодзе, калі гераіня бачыць рыбіну, набытую, магчыма, на рынку або ў магазіне. Апошняя выскоквае з пакета жанчыны і замярзае ў сумёце. “Як мая душа — пад цяжарам праклёнаў”, — думае гераіня. Высвятляецца, што калісьці Наталка ляжала ў бальніцы з жанчынай сталага веку, якая ўзяла з яе слова “напісаць гісторыю Герояў і абавязкова надрукаваць яе” (з кантэксту можа зразумець, што гаворка ідзе пра асобаў, якія дзейнічалі ў 1990-я гады). А паколькі Наталка не выканала абяцання, старая пагражае яе забіць. Тут мы назіраем нават не парадыйнасць, а пра самы жорсткі фарс.

Але ў такіх абставінах выяўляецца класічная праблема маладых літаратараў (у анатацыі да кнігі Харытанюк пазіцыянуе сябе менавіта так) — адсутнасць пачуцця меры. Пісьменніца шчодра дэманструе не толькі сваю багатую фантазію, але і эрудыцыю: у інтэлектуальных размовах герояў згадваюцца Рыльке і Гесэ, Арлоў, Баршчэўскі і Васючэнка, ідуць спасылкі на “Уліса” Джойса і “Франкенштэйна” Мэры Шэлі. Але ў нейкі момант складваецца ўражанне, што пісьменніца імкнецца ўключыць у твор ўсе назапашаныя думкі і назіранні. А паколькі пародыя часам ператвараецца ў фарс дзеля фарсу, аўтарка пачынае блытацца ў лабірынтах літаратурнай гульні, якую сама ж і стварыла.

Фінал “Смерці лесбіянкі” нагадаў мне паводзіны дзіцяці. Калі яму надакучвае іграць і не хочацца вяртаць цацкі на месца, яно кідае іх, выходзіць з гульні і пачынае займацца іншымі справамі. Заблукаўшы ў лабірынтах, Харытанюк вырашае канфлікт у рамане самым банальным чынам: гераіня прачынаецца і даведвацца, што ўсе гэтыя падзеі яна прысніла. Гульня скончаная, але праклёну няма. Можа, гэта і ёсць самае галоўнае?

Дзяніс Марціновіч

Журы


Валянцін
Акудовіч

Уладзімір
Арлоў

Альгерд
Бахарэвіч

Барыс
Пятровіч

Андрэй
Хадановіч

Ціхан
Чарнякевіч

Малгажата
Бухалік

Адам
Паморскі

Лешак
Шарэпка