Алеся Лапіцкая: Вяртанне ў местачковае дзяцінства

12-05-2014 12:11
Алеся Лапіцкая: Вяртанне ў местачковае дзяцінства
Насуперак сваёй назве кніга “Разбітае сэрца Вітаўта” — зусім не сентыментальны гістарычны раман. Гэта не трагічная ці іранічная, а найперш настальгічная кніга, якая не мае ніякага дачынення да беларускага Сярэднявечча.

Празаічны зборнік Сяргея Верацілы пабачыў свет у серыі “Маладзік” і разлічаны на сямейнае чытанне: казкі пра ружу ды галубоў можна распавядаць маленькай дачцэ, а “Карцінкі з выстаўкі” ацэніць аматар літаратурных эксперыментаў. Галоўнае ж у кнізе — гэта ўспаміны пра дзяцінства, дзе засталіся самыя яркія ўражанні, важныя да апантанасці жаданні і недарэчныя ўчынкі, якія лічацца вялікім геройствам. Шкельцы калейдаскопа падаюцца “жывымі крышталямі”, буфетчыца ўсміхаецца пакуль з замілаваннем, а звычайныя рэчы кшталту гіпсавага арла выклікаюць незабыўныя мары. Такім паўстае дзяцінства ў першых чатырох апавяданнях зборніка — ледзь не найлепшых з усяго, напісанага пра падлеткаў і для падлеткаў у беларускай літаратуры.

Сакрэт гэтых твораў — адэкватнае, але вельмі класічнае вызначэнне мастацкай задачы і вобраза галоўнага героя. Тут няма ні празмернага дыдактызму і, адпаведна, адназначна станоўчых персанажаў, ні катэгарычна адмоўнага стаўлення да няправільнага і несправядлівага (да таго ж савецкага!) дарослага жыцця. Герой-апавядальнік проста згадвае запамінальныя эпізоды з дзяцінства і паўстае не толькі ўражлівым і чулым хлапчуком, але і вясёлым гарэзай, які робіць з хлопавак петарды і можа залезці з сябрукамі ў грамадскі сад. Характэрная рыса “Разбітага сэрца…” — псіхалагізм, пад якім маецца на ўвазе не схільнасць пісьменніка да доўгіх экскурсаў у духоўны свет герояў, а выдатная здольнасць ствараць персанажаў, якія вельмі натуральна дзейнічаюць, думаюць і адчуваюць. Складана згадаць эпізод, дзе героі любога ўзросту выклікалі б недавер сваімі паводзінамі ці эмоцыямі.

У апавяданнях пра дзяцінства ёсць і дзівацтвы, і прыгоды, і ўзнёслыя эпізоды, але рамантыка дзяцінства спалучаецца з выключна рэалістычным выяўленнем местачковага жыцця. Жаночае насельніцтва ў пошуках лепшай долі спяшаецца “на палёты” ў вайсковы гарадок, у сем'ях “ці не праз дзень адбываюцца розныя скандалы”. Пры гэтым цяжка згадаць іншага аўтара, які з такой добразычлівасцю пісаў бы пра беларускае мястэчка, у большасці твораў надта правінцыйнае, бесперспектыўнае і амаль абсурднае. На старонках “Разбітага сэрца…” жыццё таксама не казачнае, але ў дзіцячым ўяўленні местачковы аэрадром і “Культмаг”, дзе прадаюцца навагоднія цацкі, застаюцца самымі дзівоснымі месцамі на зямлі. Свет вакол цікавы, у ім ёсць бясспрэчна важныя рэчы, і цуды, і прыгажосць, а нешта несуладнае з дарослага існавання пакуль не мае да цябе непасрэднага дачынення і не можа быць дарэшты зразумелым. Дарослае жыццё — хутчэй фон для галоўных падзей, і толькі ў “Залатым пяску” гісторыя цяжарнасці вар'яткі Веранікі з'яўляецца больш значнай за дзіцячыя прыгоды.

Яшчэ адна асаблівасць апавяданняў пра дзяцінства — частыя адхіленні ад “генеральнай лініі”— аповеды пра дзіцячае кіно ў ДК, стрыжку “пад бокс”, галоўныя местачковыя будынкі. І пачынае здавацца, што гартаеш не кнігу прозы, а бацькоўскі фотаальбом…

Сучаснае мястэчка, сучасная дзятва маюць іншы выгляд, іншы лад жыцця і іншыя мары, а зафіксаваць мінулае важна не толькі каб трапіць ва ўласнае маленства, але і каб зрабіць яго дасяжным для іншых.

Зрабіць з пятнаццаці твораў розных празаічных жанраў добрую кнігу не проста: трэба знайсці лагічную паслядоўнасць, пры неабходнасці вылучыць асобныя раздзелы. Рэдактары і аўтар чамусьці гэтага не зрабілі і прапанавалі чытачу проста сукупнасць тэкстаў, у кожным з якіх альбо герой, альбо апавядальнік здаецца даўно знаёмым.

Другі раздзел, які варта было б змясціць пасля апавяданняў пра дзяцінства, меў бы назву “Каханне”. Самым запамінальным творам стала б аповесць-мінімум “Пікнік у халодны летні дзень на беразе возера”. Ён і Яна прагульваюцца каля возера, Ён неўпрыкмет складае паэму кахання, яшчэ нячутную для Яе: “Імя тваё — імя мора. Ты — мелодыя пасярод тлуму. Подых твой — слодыч вечаровых садоў. Вочы твае — заклік да кахання”. Але на пустынным беразе з'яўляецца п'янаваты “марак”, і пляшка гарэлкі парушае ідылію: мелодыя знікае, паўстае беспадстаўнае раздражненне і незадаволенасць спадарожніцай, і вечар заканчваецца думкай пра дзве бутэлькі піва ды залеву, якая так і не пачынаецца. “Каханне ёсць настолькі тонкаю рэччу, што вымагае беражлівага і надзвычай асцярожнага стаўлення” — але гэта рэзюме з іншага твора. Для сапраўднага пісьменніка выяўленне адмоўнага магчыма без доўгага тлумачэння і павучальнай інтанацыі — нават у кнізе для падлеткаў!

У іншых апавяданнях і мініяцюрах, густоўных і лаканічных, чытач то зноў трапляе ў местачковае дзяцінства, то апынаецца ў троннай зале старажытнага Вавілона. У кнізе прысутнічае шырокі культурны і гістарычны кантэкст, тут ёсць і кароткія развагі пра каханне, паэзію, прыгажосць, якія арганічна выяўляюць аўтарскі светапогляд.

Дзве казкі і бабуліна легенда, напэўна, уключаныя ў зборнік, каб кампенсаваць няўвагу да дзяўчынак: у апавяданнях пра дзяцінства яны, вядома, сустракаюцца, ды лічацца не вартымі хлапечых размоў. Але менавіта з дзяўчынак вырастаюць жанчыны, якія ёсць “увасабленнем стыхіі ірацыянальнага, і зразумець жанчыну азначае зразумець сусвет”. Калі б не казкі, “Разбітае сэрца Вітаўта” было б не надта дзіцячай кнігай. Многія моманты ў зборніку не зусім адпавядаюць фармату: ёсць тут і беспакаранае падгляданне ў розныя шчыліны, і смелыя аповеды пра першыя сексуальныя ўражанні. Зрэшты, гэты празаічны зборнік прызначаны не толькі падлеткам, але і ўсім, хто не забыўся на сваё юнацтва. Рэдкі выпадак для сучаснай беларускай літаратуры: кніга Сяргея Верацілы аднолькава спадабаецца і гісторыку, і местачковай настаўніцы, і рабочаму з чыгункі, бо расказвае пра дзяцінства, жыццё і мары кожнага з іх, і кожнаму з іх у аднолькавай ступені прысвечаная.

Алеся Лапіцкая

Журы


Валянцін
Акудовіч

Уладзімір
Арлоў

Альгерд
Бахарэвіч

Барыс
Пятровіч

Андрэй
Хадановіч

Ціхан
Чарнякевіч

Малгажата
Бухалік

Адам
Паморскі

Лешак
Шарэпка