Ганна Кісліцына: Хто-хто ў белым паліто?

12-05-2014 11:42
Ганна Кісліцына: Хто-хто ў белым паліто?
…Мае адбыцца перформанс замежнай знакамітасці. У вялікай зале сабраўся ўвесь айчынны бамонд. У прызначаны час святло гасне, аднак з павагі да мастацтва ўсе сядзяць у цемры моўчкі. Нічога не адбываецца… Раптам на сцэне з’яўляецца чалавек. Ставіць крэсла, запальвае свечку і пачынае мастурбаваць. Зала захоплена выбухае апладысментамі. “Брава! Брава!”…

Мужык са сцэны спалохана ўглядаецца ў цемру:

— Вой!!! Тут нехта ёсць?

Гэтая показка, на мой погляд, адлюстроўвае новую культурную сітуацыю не горш за знакаміты маніфест постмадэрнізму Леслі Фіндлера. Не дзіўна, што яна згадвалася мне падчас чытання новай кнігі Артура Клінава “Шклатара” — кнігі пра каханне і вызваленне сучаснага мастака. Заўважу, анекдот гэты не столькі пра характар сучаснай творчасці, мэта якой усё часцей вызначаецца як самавыяўленне і самазадавальненне, колькі пра ролю, якая адведзена сёння публіцы, то бок спажыўцу мастацкага прадукту.

“Шклатара” — выдатны напамін пра тое, што, як ні круці, мы ўсе цяпер вуаерысты, вольныя ці міжвольныя. У тэатральным крэсле, дома на канапе, перад экранам манітора мы несупынна займаемся тым, што падглядаем. Мяняюцца толькі вокны — з чарговай перадачы “Дом-2” мы трапляем на папулярную старонку фэйсбука альбо ў новую кнігу Клінава, дзе аўтар гіперрэалістычна вымалёўвае ўласны любоўны трохкутнік на фоне падзеяў Плошчы. У кнізе ёсць і іншая лінія, напісаная паводле твораў Яна Баршчэўскага, але, як выглядае, усе чытачы яе дружна ігнаруюць, прынамсі ніхто з маіх знаёмых не мог сказаць, пра што яна.

Ілюзія, што новая кніга Маэстра будзе ў меншай ступені эксгібіцыянісцкай, чым папсовая тэлеперадача, абсалютна дарэмная — часы, калі вобраз героя разыходзіўся з асобай аўтара, мінулі. Цяпер, калі мы чытаем “Гэта я, Эдзічка”, то глупа чакаць некага, акрамя Лімонава. Ці — калі ўжо быць бліжэй да родных беллітаў — цяжка здзівіць чытачоў, да прыкладу, “Смерці лесбіянкі” (яшчэ адзін прэтэндэнт на Гедройца) тым, што аповед ідзе ад імя цалкам сабе рэальнай Наталкі з Берасця, выдатніцы, змагаркі і інтэлектуалкі. “Шклатара” — ніяк не выключэнне ў гэтым шэрагу самарэпрэзентацый.

Галоўны герой “Шклатары” — гэта практычна Клінаў у жыцці, толькі ў белым паліто. Трошкі прыпамаджаны і з кардонным німбам пакутніка. Аўтар прыхарошвае сябе, абсалютна не прыхоўваючыся, быццам бы і сапраўды не разумее: ну як ён можа не падабацца?! Ён — адначасова Імператар і Сапраўдны Палкоўнік, Маэстра і Мядзведзь. І, безумоўна, Плэйбой:

“Таму ўсю раніцу мы правялі ў пасцелі. Спыніцца было немагчыма. Маша выпускала з клеткі звера, які зусім не жадаў вяртацца назад.

— Ну ты і самец! У цябе, напэўна, шмат палюбоўніц?

— Гэта ў мінулым. Я ўсіх адправіў у адстаўку”.


Старанна выведзеныя на старонках рамана Маша і Паліна — імхо, увасабленне жаночай гістэрычнасці і самадурства — па ідэі павінны былі б быць схаванымі пад маскамі Трагедыі і Камедыі. Але на справе іх вобразы рашучым хукам выбіваюць чытача за лінію чыстага мастацтва ў сферу побытавых разваг кшталту: “Як можна быць такім падабцаснікам?” Сітуацыя спецыфічная, калі ўлічыць падабенства героя і аўтара. Але сам Клінаў відавочна не замарочваецца тым, як ён у ёй выглядае: нарцысізм аўтара такой высокай пробы, што ён здатны любавацца сабой нават у сітуацыі, калі не можа скончыць полавы акт з дзвюма прасталыткамі. Калі ўлічыць, што гэта апошняя сцэна рамана, то апісанне фрустрацыі ў якасці фіналу — рызыкоўнае ўдвая.

Але аўтар — мастак, артыст, Маэстра ў самым прамым значэнні слова. І было б дзіўна, калі б ён кіраваўся ў сваім мастацкім тэксце нормамі статыстычнай масы. Усё, што робіць Клінаў, — гэта прыватны танец сола, і недарэчна чакаць, што ён можа выконвацца ў пары ці для якіх бы то ні было гледачоў. (Дарэчы, такі эпізод ёсць у “Шклатары”, але, як кажуць у калямастацкім свеце, падзея мела адпаведнік і ў жыцці.)

Як бы гэта ні было дзіўна для абывацеля, самазакаханасць абсалютна натуральная для чалавека, які спавядае мастацтва, больш за тое, якраз адсутнасць нябачнай кароны на галаве ў вузкім свеце, дзе жыве і прэзентуецца Клінаў, з’яўляецца сведчаннем шараговасці. Было б няправільна чакаць ад яго нейкай тыпізацыі, прыдуманага ці пражытага для ўсіх.

Таму вялікай памылкай ёсць разгляд “Шклатары” ў якасці метрыкі творчага пакалення. Дакумент эпохі — так, але ніякім чынам не збор дэкларацый і ідэй, не спіс перамог і паразаў, назапашаных яго равеснікамі. Нездарма герой “Шклатары” ўвесь час слухае Шнура і нават прыводзіць у тэксце радкі яго “Менеджара”. Каштоўнасці, надзеі і спадзяванні яго сучаснікаў чужыя яму роўна настолькі, наколькі чужыя Мядзведзю, пра якога здымаюць фільм, яго госці. Магчыма, ключ для разумення, пра што кніга, ляжыць якраз у словах галоўнага героя “Шклатары” пра Мядзведзя-графа.

“Наогул, фільм наш быў пра каханне. Мішка-граф жэр гасцей не са злосці. У душы ён быў мядзведзем добрым. Нават быў раскаяўся і хацеў зусім абярнуцца ў чалавека… Але неяк з раніцы ўсё не задалося. Не тое, каб мішка ўстаў ды тупнуў не з тае нагі, не тое, каб быў ён з пахмелля (наш граф меру ведаў), проста нявеста ягоная пачала какетнічаць з нейкім заезджым пецярбургскім брандахлыстам. Дый какецтва тое было несур’ёзнае. Так, лёгкі флірт: пацалаваліся пару разоў на цёмнай чарнавой лесвіцы. Але, відаць, у мішкі на душы набалела. Пэўна, так ужо яго ўсё заябала: і рускія, і французскія, і партызаны, і немцы, і п’янь шляхетная, і жыццё падпольнае, і падатковая, і пажарнікі, і мянты. Так ужо заябала, што нервы здалі. І пачаў ён жэрці ўсіх. Жэрці з асалодаю. Жэрці з натхненнем. Спярша з’еў таго прышлага дурня, потым шляхту бязладную, затым генерала з вялікім апетытам праглынуў і сынком-гусарчыкам, як карнішончыкам, закусіў. Адным словам, усіх загубіў і сябе”.


Вось і галоўны герой — чалавек, “якога ўсё заябала”. Калі ў “Чужаніцы” Камю абыякавасць да свету становіцца самастойным сюжэтам, то такім жа сюжэтам становіцца ў “Шклатары” азвярэнне. Але што канкрэтна давяло героя да гэтага стану? А тое, што і Мядзведзя: “Край у разрусе. Каго не павесілі, у песімізме: хто сам павесіўся, хто п’е, хто вар’яцее, хто новым уладам азадак ліжа, хто ў эміграцыю хоча падацца…” Гэта, дарэчы, пра падзеі пасля паўстання 1863 года, калі хто не зразумеў.

Вусцішная і адначасова містычная атмасфера паражэння ўзноўленая ў “гістарычнай” лініі клінаўскага рамана. Яна, у прынцыпе, падымае ўсё тыя ж праблемы, што і частка сучасная, “шклатарная”. Як застацца чалавекам і не перакінуцца ў жывёлу? Як змагацца са злом і не стаць забойцам? Як служыць Радзіме, а не Імперыі? Ці можна любіць Радзіму на чужыне і як? Аўтар даволі навязліва паўтарае чытачу адны і тыя ж думкі, але афармляе іх стылістычна настолькі па-рознаму, што мала хто прасочвае сувязь паміж дзвюма часткамі рамана.

Між тым, менавіта перасячэнне гэтых дзвюх тэкставых стужак і стварае той галаграфічны эфект, які дае твору эфект сапраўднасці. Не амаль дакументальная пазнавальнасць падзей і герояў, не скрайняя шчырасць і, тым больш, не густа раскіданы па старонках расейскі мат, а менавіта майстарскае перасячэнне, створанае бясконцымі адлюставаннямі самацытат. Больш за тое, можна з пэўнасцю сказаць, што той, хто прачытаў толькі “прыватна-дзённікавую” частку, мэсідж рамана не адчуе і да канца жыцця будзе перакананы ў тым, што “Шклатара” — раман пра беларускі бамондзец.

Ганна Кісліцына

Журы


Валянцін
Акудовіч

Уладзімір
Арлоў

Альгерд
Бахарэвіч

Барыс
Пятровіч

Андрэй
Хадановіч

Ціхан
Чарнякевіч

Малгажата
Бухалік

Адам
Паморскі

Лешак
Шарэпка