Марыя Мартысевіч: Быць рэалістам


Такім чынам, Вінцэсь Мудроў — адзін з самых мудрых сучасных беларускіх пісьменнікаў, бо перад намі — рэаліст у абодвух згаданых мной сэнсах.
Празаік, журналіст і яскравы прадстаўнік Таварыства вольных літаратараў, адзін з флагманаў часопіса “Правінцыя” — заўважнага, але, на жаль, эфемернага праекту літаратараў Беласточчыны, які заяўляў пра культурную і стылістычную самасць несталічных беларускіх пісьменнікаў — Мудроў, тым не менш, мала вядомы таму самаму простаму чытачу. Яго творы рэдка выходзяць асобнымі выданнямі. Папярэдняя кніга — гэта невялікі “Сямейны альбом” 2007 года, адзін з самых цікавых нон-фікнш праектаў “Радыё Свабода” за апошнія гады. І вось перад намі зборнік апавяданняў “Багун” — фактычна, перавыданне ўсяго таго, што гэты аўтар друкаваў у тоўстых (і не вельмі тоўстых) літаратурных часопісах ад пачатку 1990-х да нядаўняга часу.
Між тым просты чытач шмат страчвае, абыходзячы ўвагай прозу Мудрова. Менавіта самае шырокае кола людзей, што чытаюць па-беларуску, бачыцца мне адрасатам новай кнігі.
Рэалізм, а менавіта сацыялістычны рэалізм, стаў сінонімам беларускай літаратуры ХХ стагоддзя, бо пісаць дазволена было толькі так. Пры тым, што многія літаратары мелі доступ да “спецхранаў” і падпольна чыталі Кафку, Сартра ды Камю — увесь гэты бяскрыўдны экспрэсіянізм ды экзістэнцыялізм, які прадвызначыў аблічча сучаснай літаратурнай Еўропы — афіцыйна ў БССР прадукавалася толькі рэалістычная проза. Больш за тое: пакаленні чытачоў былі выхаваныя, каб успрымаць толькі рэалістычную прозу. Усё астатняе па азначэнні да літаратуры не залічвалася.
З гэтага гледзішча цікава чытаць зборнік апавяданняў “Багун” як помнік пераходнага часу. Напісаная, “па-савецку”, “яшчэ тым” метадам, яна тым не менш нясе ў сабе ідэі і ідэалы нацыянальнага Адраджэння 1990-х. У гэтым кантрастным спалучэнні — цымус кнігі і корань яе непаўторнага абаяння.
Чаму пісьменнік даў кнізе назву “Багун? Ён, мусіць, вельмі хацеў нам нешта гэтым сказаць. О так, ён нібы заклікаў уважлівей учытацца ў аднайменнае апавяданне. Чым так важны загалоўны герой, якога мы ведаем толькі па прозвішчы — Багун? Спрабуючы адказаць на гэтае пытанне, я прыходжу да высновы, што, як ісціны рэаліст, Мудроў затыпізаваў у гэтым персанажы саму беларускую нацыю. Багун у Мудрова — архетыпічны беларус. Гэты жыхар памежжа Заходняй і Савецкай Беларусі, верагодна, гіне падчас масавых арыштаў, якія спасцігаюць яго роднае мястэчка адразу пасля аб’яднання. Багун — маленькі чалавек па-беларуску. Яго смерць (?) — усяго толькі пагрэшнасць. І разам з тым у гэтай недарэчнай недасмерці прапісаны ўвесь трагізм беларускай нацыі ў савецкую эпоху:
“Без дай прычыны нікога не бяруць. Той жа пан Бурш служыў у Дзянікіна, Рувіма таксама схапілі за цападлы не проста так — была нагода... А чаму яму хвалявацца, калі за ім няма ніякай правіны?..” — думае Багун за хвіліну да стрэлу чырвонаармейца, перакананы ў сваёй бязгрэшнасці перад новымі ўладамі.
“Багун і Матрона” — такой была б гендэрна карэктная назва зборніка. Матрона — гераіня апавядання “Калодзеж” — не менш характэрны і не менш старанна выпісаны архетып Мудрова. Маўклівая, безадказная і сціплая, падчас нацысцкай акупацыі яна, як і сама Беларусь, апынулася між двух агнёў. У яе хаце гіне ад рукі партызанаў салдат вермахта, які ўратаваў жыццё яе сястры і які, найверагодней, вельмі падабаецца самой маладой Матроне. Яе жыццё ў мірны час адзінокае і нешчаслівае — ёй наканавана да старасці трываць заляцанні рускага партызана, які асеў у вёсцы пасля Другой сусветнай. Мілосны трохкутнік, што так і не склаўся, мае цывілізацыйнае вымярэнне. Не давацца маскалю, паводле Мудрова, — сакрэт выжывання беларусаў як нацыі.
Дзеянне апавяданняў Мудрова адносіцца да самага рознага часу — ад канца 1930-х да канца 1990-х. Але пры ўкладанні зборніка аўтар і рэдактары адмовіліся ад храналагічнага прынцыпу. І, думаецца, правільна зрабілі. Творы гэтага аўтара нельга аднесці да гістарычнай прозы, бо мінулае цікавіць Мудрова толькі як прэамбула да цяпершчыны.
Апавяданні “Багун”, “Калодзеж” і “Раніцай, калі патухаюць зоркі” складаюць першае з трох тэматычных ядраў зборніка. Тут, як, зрэшты, і ўва ўсёй сваёй прозе, пісьменнік эксплуатуе свой каронны прыём — выслаўленне ўніверсальнага праз прыватнае. Падчас чытання падкупляе дыялагічнасць прозы Мудрова. Аўтар ніколі не гаворыць ад сябе, і ніводзін з герояў не ёсць носьбітам ісціны, нават калі сам пісьменнік выразна сімпатызуе камусьці аднаму з сваіх “падшэфных”. Ісціна нараджаецца ў супрацьпастаўленні характараў, у экзістэнцыйным канфлікце паміж імі. Другая асаблівасць гэтых квазігістарычных апавяданняў — іх кінематаграфічнасць. Кожнае з іх — гатовы сцэнар для Андрэя Кудзіненкі, калі б гэтаму рэжысёру захацелася вярнуцца да эстэтыкі і праблематыкі трылогіі “Акупацыя. Містэрыі”.
Яшчэ адно вялікае тэматычнае ядро — гэта апавяданні, дзеянне якіх адбываецца ў савецкім бясчассі — умоўнай БССР часоў застою. Да іх належаць “Святая крыніца”, “Шпег”, “Мех авечай воўны” ды некалькі іншых тэкстаў. Камічныя ды трагічныя падзеі тэкстаў гэтага блоку маюць месца пераважна ў мястэчку Азярышча — рэальным населеным пункце РБ на мяжы з РФам, у мясцінах, міфалагізаваных яшчэ Янам Баршчэўскім. “Маё Ёкнапатафішча” — тлумачыць такую лакалізацыю сам аўтар у прыватнай размове. Уплыў Фолкнера з яго ўстаноўкай на бытапісанне нораваў амерыканскага Поўдня, дзе ён вырас, не аспрэчыш. Трэба пісаць пра тое, што добра ведаеш, нібы паўтарае за Фолкнерам Мудроў, і гэта таксама падкупляе ў яго прозе. Напрыклад, апавяданне “Святая крыніца”, якое тэматычна перагукаецца з даўлатаўскім “Кампрамісам”, адразу заваявала мяне як чытача праз вельмі натуралістычнае апісанне летняй прастуды, якая спасцігае вас, калі напіцца з халоднай крыніцы. Бавячы кожнае лета на поўначы Беларусі, у дзяцінстве я займела хранічную хваробу горла, папіўшы вады такім чынам.
Увогуле, Мудрова заўважна кранулі ўплывы савецкай вясковай прозы. Супрацьпастаўленне “горад — вёска” ніколі не педалюецца, але заўсёды ненавязліва ўводзіцца аўтарам. Савецкі чалавек урос у горад, але нешта ірацыянальнае ў ім ніколі не дасць яму забыцца пра карані:
“Райчыну хату знайшлі даволі хутка. (...) Звычайная цагляная будыніна з разнымі шалёўкамі на вокнах. Ступіўшы на шырокі двор, палкоўнік адразу звярнуў увагу на тыя шалёўчыны. Ён правёў рукою па шурпатай ліштве і вусны палкоўніцкія кранула ўсмешка: калісці, у далёкім дзяцінстве, бацька зрабіў такія ж ліштвы і ўся вёска хадзіла глядзець на вокны іхнай хаты”. (“Іду на таран!”)
Самае філіграннае апавяданне блоку — караценькае “На дне”. Метафара Горкага набывае тут літаральнае значэнне. Перад намі — эпізод з жыцця алімпійскага спартоўца, плывуна, самым яскравым перажываннем для якога стаў удзел у Алімпіядзе ў Мехіка. На “слабо”, паспрачаўшыся з мужыкамі, пажылы майстар спорту дае нырца ў басейн. Ён выйграе пары, ледзь не развітаўшыся з жыццём — як выглядае, не надта яму і патрэбным. Яшчэ адна красамоўная недасмерць у развязцы.
І, нарэшце, трэцяе тэматычнае ядро зборніка пераносіць нас непасрэдна ў 1990-я, калі яны ствараліся. Апавяданне “Іду на таран!”, якое можна аднесці да жанру гумарэскі — іранічны перыфраз загадкавага інцыдэнту 1995 года, калі над суверэннай ужо Беларуссю супрацьпаветранай абаронай быў збіты паветраны шар з заходнімі турыстамі. Апавяданне атрымала шмат пазітыўных чытацкіх водгукаў, хоць, на мой погляд, тэкст “Іду на таран!” абсалютна шараговы і не дацягвае па сваёй фантасмагарычнасці да культавага “Выкрадання вепрука”, якое падарыў нам у 2000 годзе Ігар Сідарук.
Значна больш шчымлівы іншы “дакумент эпохі” — апавяданне “Хэмінгуэй”. У ім аўтар іранічна апісвае ўмоўную канферэнцыю чагосьці накшталт фонду Сораса, кранальнае мерапрыемства яшчэ ў савецкіх дэкарацыях, з савецкімі ўдзельнікамі, якія ветраць новыя павевы і ліхаманкава карэктуюць сваю шкалу каштоўнасцяў пад патрэбы часу. Наўрад ці ў Беларусі калі-кольвек ладзіліся літаратуразнаўчыя чытанні вакол асобы Хэмінгуэя — тэма канферэнцыі выступае трапнай метафарай. Для Мудрова гэта — відавочныя думкі ўголас наконт свайго месца ў беларускай культуры, вербалізацыя ўнутранага эстэтычнага і ідэалагічнага канфлікту. Лірычны герой апавядання — Іван Барсучонак, савецкі дысідэнт-лявак, кандыдат навук з правінцыйнага інстытута, перакананы, што злом быў толькі і выключна Іосіф Вісарыёнавіч, які вычварыў ідэалы Уладзіміра Ільіча, — супрацьпастаўляецца сябру юнацтва Лёньку Холаду, адэпту ідэй нацыянальнага Адраджэння, які ў 1990-я правільна зарыентаваўся ў бягучай сітуацыі і “сеў на гранты”.
“...У Хэмінгуэя няма глыбіні, няма партрэту, але ёсць галоўнае — жывыя людзі”... “Стыль ягонай прозы сфармаваў светапогляд цэлай генерацыі”... “Хэмінгуэй пакінуў за дужкамі палісемію і апісаў жыццё, якім яно ёсць”... “Эрнэст Мілер Хэмінгуэй, у савецкім разуменні, быў чалавекам несур’ёзным, і гэтая “несур’ёзнасць” клікала на змаганне з крывадушнымі лозунгамі, дзяржаўнай маной і салодкімі абяцанкамі” ... “Хэмінгуэй — шырспажыў далёкіх шасцідзясятых і нічога болей”, — гэтыя і многія іншыя выказванні ўдзельнікаў канферэнцыі аб асобе культавага ў СССР амерыканскага пісьменніка з пэўнымі папраўкамі можна дапасаваць і да прозы самога Мудрова.
Разам з тым апавяданне мае проста бліскучую кампазіцыю. Праз тэкст канферэнцыі ўвесь час прарываецца кантэкст — алкаголь, адчайнае каханне і постсавецкая дэпрэсіўнасць, якая насамрэч значна больш родніць персанажаў з постаццю Хэмігнуэя, чым размова пра яго кнігі.
Як і Матрона з апавядання “Калодзеж”, Барсучонак — аўтсайдэр, нерэалізаваны чалавек, які застаўся на ўскрайку жыцця. Ён выразна разумее, што адыходзіць апошні цягнік, і ён мае шанец ускочыць у яго — але не адважваецца, застаючыся на пероне.
Гэтая нерашучасць і пушкінскі светлы сум, шкадаванне пра тое, што не адбылося, — галоўны лейтматыў кнігі “Багун”. Што і робіць яго аўтара тым самым перакананым рэалістам зусім не ў літаратуразнаўчым сэнсе гэтага слова. Разам з тым у гэтым светлым суме няма ні каліва песімізму. У ім — жыццё, як яно ёсць.
“Багун”, магчыма, не самая доўгачаканая празаічная кніга 2013 года, бо крытыкі і калегі Мудрова па цэху даўно ведаюць і цэняць гэтыя тэксты, нарэшце сабраныя пад адной вокладкай. Важна аднак, што такое выданне з’явілася. Варта спадзявацца, што і іншыя пісьменнікі Правінцыі — такія, як згаданы ўжо Ігар Сідарук або Аляксей Бацюкоў, аднойчы рэактуалізуюцца ў культурнай прасторы як аўтары асобных кніг. Навошта? Ну, хоць бы дзеля таго, каб нарэшце даць прачухону Метраполіі. Бачыць Бог, яна таго заслугоўвае.
Марыя Мартысевіч