Васіль Аўраменка
“Нябачнае і ява”
Мінск: “Логвінаў”
Пра кнігу:
У аўтара былі цяжкасці з вызначэннем жанру кнігі. Мемуары? Успаміны? Эсэ? На шчасце, ёсць такі жанр — пісаць гадасці пра іншых. Нехта скажа, што тое не гадасці, а чыстая праўда! Хтосьці не пагодзіцца — тое брудная хлусня! Дык аўтар не стаў чакаць, пакуль пра яго напішуць іншыя, і ўсю брудную праўду пра сябе напісаў уласнаручна. Так атрымалася інтымная аўтабіяграфія ці, прынамсі, яе фрагменты. Міжвольна з тэкста вытыркаюцца публіцыстычныя амбіцыі і лекарскі вопыт аўтара, аднак тое не самыя галоўныя адметнасці кнігі.
Пра аўтара:
Васіль Аўраменка — публіцыст, аўтар “ЛіМа” 1990-х, лаўрэат у намінацыі “Публіцыстыка” за 1995 год. Друкаваўся ў “Нашай ніве”, “ARCHE”, альманаху “Брама” (магілёўскае аддзяленне Саюза беларускіх пісьменнікаў). На кнігу прозы наважыўся ўпершыню. Жыве ў Магілёве, паводле прафесіі неўролаг.
Дзіцячая мазаіка: ад першага аргазму да “сусветнага ананізму”
У мяне памяць даволі пасрэдная, а калі згадваць дзяцінства, то, можна сказаць, проста мазаічная. Вось, напрыклад, што я помню добра: “Ich bin pionier. Ich bin zwёlf Jahre alt...
Взвейцесь кастрамі сініе ночі, мы піонэры — дзеці рабочіх! Блізітся эра светлых гадоў, кліч піонэра,.. Заўжды... Будзь здароў!?” Напэўна, усё ж не зусім дакладна. Калісьці было не так...
Часам дзяцінства называюць самай шчаслівай парой. Думаю, гэта ідэалагічны штамп ці ненаўмыснае перабольшанне. Праз фільтры нашай памяці адсейваюцца дзіцячыя страхі, слёзы, крыўды, хваробы, бясконцыя школьныя будні і іншыя непрыемнасці. О, як цягнуліся тады гадзіны! Якім бязмежным мог быць адзін толькі дзень хваробы ці канікулярнага марнавання часу. Канечне, з дзяцінства, асабліва ранняга, забылася амаль усё. Напрыклад, ведаю толькі з аповедаў маці, як бацька згубіў мяне зімой, калі вёз на санках з дзіцячага садка. Або, як я нацурболіў у кішэню пінжака дзядзьку-суседу ў пасажырскім цягніку. Затое добра помню іншы эксцэс, які здарыўся, праўда, гадоў у 9-10.
Падчас нейкай хатняй гульні я штурхануў сваю сяброўку-суседку і яна павалілася на ложак. Я ж, нечакана нават для сябе, накінуўся на яе і, схапіўшы за плечы, стаў трэсці-шкуматаць. Не ведаю, што я імітаваў, але пры гэтым адчуў нейкае бурлівае, некантраляванае ўзрушэнне, а за ім раптоўны прыліў асалоды, якая хутка скончылася абыякавасцю і супакаеннем. Толькі праз колькі год я зразумеў, што гэта было перажыванне нявіннага дзіцячага аргазму. За ім прыйшло падазрэнне, што паміж мужчынамі і жанчынамі не ўсё так “чыста”, што ёсць нейкая тайна, пра якую дарослыя нам не кажуць. І сапраўды, старэйшыя сябры-пяцікласнікі расказвалі, што настаўніца фізкультуры часта зачыняецца з фізруком у кабінеце, дзе яны быццам бы “ібутса”. Сэнс патаемнага слоўца толкам ніхто патлумачыць не мог, і я доўга не даваў веры хлопцавым прыдумкам. Хіба гэта можа быць праўдай, калі ў нас дома пра такое ніколі не казалі?..
Увогуле, для дзіцяці свет часта здаецца таямнічым і загадкавым, чым і вабіць наіўную душу ў шэрыя жыццёвыя далягляды. Дзіцячая фантазія ідзе далей за рэчаіснасць і можа быць куды больш жорсткай за ўяўленні дарослых. У мяне, напрыклад, быў перыяд, калі нагледзеўшыся савецкіх фільмаў і наслухаўшыся прапаганды, я ўсур’ёз стаў падазраваць, што мае бацькі ... амерыканскія шпіёны! Відаць, гэта быў канец 60-х, разгар “халоднай вайны”, а я быў хлопчыкам уразлівым, да таго ж цікавіўся “палітыкай”, гэта значыць, чытаў газету “Известия”, якую бацька выпісваў усё жыццё. Я пачаў сачыць за бацькамі ўвечары, а калі-нікалі і ўначы, але акрамя нядоўгай валтузні пад коўдрай (што, як я ўжо здагадваўся, да шпіёнскай дзейнасці дачынення не мела) нічога падазронага не заўважаў. Паступова здаровыя глузды перамаглі “комплекс Паўліка Марозава”, але непрыемны след і пачуццё віны ў нетрах душы засталіся надоўга.
Яшчэ адна рэч, якая выклікала ў дзяцінстве (хутчэй ужо ў падлеткавым узросце) пачуццё віны – гэта грэх Анона. Многія ведаюць показку пра тое, як настаўнік кажа вучням, што ў ананістаў на далонях вырастаюць валасы, і 9 хлапчукоў з 10 тут жа інстынктыўна глядзяць на свае далоні. Я б у падобнай сітуацыі застаўся “беззаганным адзіным”, але не з прычыны, што ўжо ведаў гэты псіхалагічны тэст. Рэч у тым, што я панічна баяўся прызнацца ў сваёй “хваробе”, і ніколі нікому не расказваў аб ёй. Я наіўна думаў, што гэтая напасць апанавала аднаго мяне, а ў іншых хлопцаў такой заразы няма. І таму насіў сваю “бяду” і пачуццё віны глыбока ў душы, нават у страшным сне не раскрыўшы “жахлівую”
тайну. Сёння гэта здаецца смешным, а тады нявінная хлапечая звычка здавалася нейкім праклёнам ці карай невядома за што.
Калі глянуць з вышыні нашага часу (ці з глыбіні сённяшняга падзення?), то ананізм у шырокім сэнсе – нярэдкая з’ява і ў дарослым жыцці. Варта ўзгадаць шырока распаўсюджаны від інтэлектуальнай “мастурбацыі”– разгадванне красвордаў, палітычны “ананізм” (беларускія выбары апошніх 15 гадоў), не кажучы ўжо пра сэкс па тэлефоне ці віртуальныя інтэрнет-любошчы. На маю думку, цывілізацыя зрабіла моцны мастурбацыйны ўхіл, бо віртуальна-кампутарны свет у значнай ступені ёсць спосабам сацыяльнага ананізму, сурагатам натуральнага жыцця ў ягоным “старым” разуменні. Ніхто і не думае змагацца з такім даўно не дзіцячым “грахом Анона”, што набыў маштабы ўсясветнай пандэміі і нават пагражае выпхнуць “архаічную” натуру з цэнтральнай арэны гісторыі. Ды й сама гісторыя можа калісьці стаць віртуальнай і лёгка змясціцца на экране любога манітора.