Сяргей Дубавец
“Errata: як што называецца, так і адбываецца”
Мінск: “Логвінаў”
Пра кнігу:
Аўтар разглядае абсурдныя павароты беларускага лёсу, якія кожны раз пачынаюцца з падмены словаў. Варта, напрыклад, вайсковую падрыхтоўку назваць ваеннай, — і гэтая вузкаспецыяльная справа, датычная выключна армейскага кантынгенту, ператвараецца ва ўсенародную падрыхтоўку да вайны, якая тычыцца кожнага і ўсіх. Падмена назваў і сэнсаў — скразная тэма кнігі.
Пра аўтара:
Сяргей Дубавец нарадзіўся 17 верасня 1959 года ў Мазыры. Беларускі журналіст і літаратар. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ.
Працаваў у выдавецтве БелСЭ, газеце "Гомельская праўда", нелегальным друку. Рэдактар аддзелу крытыкі часопіса "Нёман” (1987–1990), галоўны рэдактар газет "Наша Ніва" (1991–2000) і "Свабода" (2004–2008), радыё "Балтыйскія хвалі" (2000–2001), аўтар штотыднёвае перадачы "Вострая Брама" на радыё "Свабода" (з 1997).
Аўтар эсэістычных кніг: "Дзённік прыватнага чалавека", "Русская книга", "Вершы".
Узнагароджаны медалём Літвы "За адвагу" і прэміяй Беларускага ПЭН-цэнтра.
Працуе рэдактарам на "Радыё Свабода"
Як адзначыць юбілей
Гаворка не пра той “юбілей”, які асацыюецца з пампезным сходам, нуднымі прамовамі і беспрасветным банкетам. І не пра той, якім называюць гадавіну радзімай арганізацыі. Ані толку, ані сэнсу ўва ўсім гэтым няма. Гаворка пра юбілей, якім ён быў задуманы спрадвеку — як прарыў, як штурм, як рэвалюцыя думкі.
Класічны юбілей — крокам 25 гадоў — гэта час змены пакаленняў і эпох. Сённяшнім падлеткам даводзіцца па-новаму тлумачыць, чаму той ці іншы геній — геній. Дэфініцыі колішніх даведнікаў пра “заслужанага стаханаўца” перастаюць быць агульназразумелымі. Таму юбілей — гэта найперш пераацэнка каштоўнасцяў. Скажам, калі 25 гадоў таму абсалютна яснае для ўсіх “народны паэт Беларусі” сёння яшчэ прымаецца большасцю па інерцыі, дык далей праз 25 гадоў, хутчэй за ўсё, спатрэбяцца іншыя словы, каб вызначыць вартасць асобы і творцы.
Вось двум класікам беларускай літаратуры — Янку Купалу і Якубу Коласу — па 125 гадоў. З дзяцінства ў нашай свядомасці яны так і ідуць парай, дзякуючы таму, што нарадзіліся ў адзін год. І таму, вядома, што сталі падставовымі імёнамі нацыянальнай культуры. “Спадчыну” і “Мой родны кут” ведаюць усе. Хоць насамрэч Купала і Колас — дзве розныя, бадай, супрацьлеглыя паэтычныя стыхіі. Што і зрабіла даволі папулярнай гульню, калі зачытваюцца ня самыя вядомыя іхнія вершы, і публіка разгадвае — каторы чый. І чаму.
Класічны юбілей — як рубеж для пераацэнкі і пацверджання вартасці творцы ў новым часе. Хто не прайшоў такога выпрабавання, альбо каго мы самі ня здолелі правесці праз гэты іспыт часам і актуалізаваць у сённяшнім дні, той альбо прападае, альбо застаецца ў пашане толькі па інерцыі. Каб так не было, да юбілею павінны з’явіцца такія літаратурныя творы і вечарыны, тэатральныя пастаноўкі і жывапісныя палотны, у якіх уся назапашаная энергія мінулага часу будзе скіраваная на тое, каб ажывіць імя і творы класіка ў сучаснасці. Вось дзеля чаго задуманы юбілей.
25 гадоў таму мы, студэнты, адзначалі 100-гадовы юбілей Янкі Купалы. Не для заліку, а для сябе. І форма была абраная зусім не акадэмічная — сеанс спірытызму. Дух паэта быў паспяхова намі выкліканы і адказаў на галоўнае для нас пытанне: хто яго, Янку Купалу, у маскоўскім гатэлі ўлетку 1942 г. — забіў? Дух назваў канкрэтнае імя і прозвішча — Мірольд Камінскі. Гэты факт спірытычнага “дазнання” і сам загадкавы сеанс пакінулі ўва ўсіх нас моцнае ўражанне на ўсё жыццё. Праўда, за прамінулы час мне так і не ўдалося адшукаць гэтага зламысніка Камінскага ані ў кнігах, ані ў архівах, ані ў інтэрнэце. Што не адмяняе далейшых пошукаў, бо таямніца гібелі Купалы застаецца нераскрытай.
Коласаў юбілей прыпадае на 3 лістапада. У беларускім народным календары сёлета гэта — бацькоўская субота, Змітраўскія дзяды. Паводле старой традыцыі ў такі дзень нашы продкі збіраліся ўсёй сям’ёй за сталом і гаварылі толькі пра памерлых і толькі з памерлымі (!). Так і заклікалі: “Продкі, прыходзьце да нас”. Адбываўся самы сапраўдны спірытычны сеанс. Пра каго яшчэ памяталі, той нібы прысутнічаў за сталом разам з жывымі, пра каго забывалі, той страчваўся з памяці роду назаўжды.
Выходзіць, адзначаць юбілеі такім чынам — калі выклікаеш на размову духаў продкаў — цалкам беларуская традыцыя, хоць і не ў такім экзальтаваным выглядзе — з завешанымі шторамі і сподкам, які дрогка соваецца пад пальцамі ў святле свечак. Але змена знешняга антуражу можа тлумачыцца толькі тым, што мы ўсе пераехалі з вёскі ў горад.
Многіх насцярожвае само слова “спірытызм”, кагосьці палохае сам гэты непрадказальны момант размовы з духам, з “тым светам”. Некаму бракуе дакладнага матэматычнага вытлумачэння таго, што адбываецца на кончыках тваіх пальцаў. Але нічога страшнага тут няма. Прынамсі, нічога больш страшнага, чым наша галоўнае няведанне — што такое жыццё, што такое розум, куды мы ўсе адправімся “пасля”...
Мяне тут цікавіць іншае. Пра што я спытаўся б у Якуба Коласа на спірытычным сеансе сёння, у дзень ягонага юбілею? У мяне такое адчуванне, што мы ўжо ведаем амаль усё з таго, што ён мог бы нам сказаць пра сябе. І таму пытанне нашмат цікавейшае — што ён мог бы нам распавесці пра нас? Мудры дзядзька, геніяльны паэт, які са свайго паралельнага свету ўсё бачыць і ўсё чуе. А раптам ва ўсіх нашых праблем ёсць нейкая адна, зусім незаўважная прычына, якой мы папросту не надаем значэння? Таму... “Дух Канстанціна Міцкевіча, прыйдзі, калі ласка, да нас”, — кажа каменным голасам мадэратар. (Канстанцін Міцкевіч — гэта пашпартнае імя паэта.) Стаіць поўная трывогі цішыня, толькі кнаты патрэскваюць у васковых свечках. Сподак скранаецца з мейсца і пачынае рабіць кругі. “Д-о-б-р-ы в-е-ч-а-р”. Ён прыйшоў...