Зінаіда Дудзюк
“Слодыч і атрута”
Мінск: “Мастацкая літаратура”
Пра кнігу:
Раман “Слодыч і атрута” апавядае пра гісторыю заходнебеларускай сям’і, на долю якой выпалі шматлікія сацыяльныя катаклізмы, пра вялікае каханне і нянавісць, пранесеныя праз жыццёвыя нягоды і варункі лёсу, пра сілу творчай думкі, здатнай рабіць геніяльныя адкрыцці, апярэджваючы час і дасягненні навукі.
Пра аўтара:
Зінаіда Дудзюк — паэтка, празаік, драматург. Нарадзілася 29 сакавіка 195 года ў вёсцы Слабодка Браслаўскага раёна. Упершыню надрукавалася ў Бярозаўскай раённай газеце. З 1974 г. выступае ў абласным і рэспубліканскім друку. У 1983 годзе выдавецтва “Мастацкая літаратура” выдала зборнік Зінаіды Дудзюк “Праводзіны птушак”. Выступае таксама як драматург. У 1985 годзе ў калектыўным зборніку “Крынічка” была надрукаваная яе п'еса “Канёк-гарбунок”. У апошні час у часопісах “Полымя” і “Маладосць” былі надрукаваны яе аповесці “Славянскія князі”, “Пакаранне для Ноны”, раманы “Кола Сварога”, “Вялісіты”, “Архірэевы скарбы”.
Зося
1
Маладзенькія дочкі збіраліся на вяселле, прыхарошваліся перад люстэркам, якое вісела ў прасценку паміж вокнамі. Бацька, седзячы ля стала, назіраў за імі з-пад насупленых броваў, а ў душы ціха радаваўся, што збярог дзяцей, выгадаваў адзін пасля заўчаснай смерці жонкі. А колькі няшчасцяў давялося перажыць: вайну, бежанства, рэвалюцыю, халеру, тыф, голад… Старэйшая Каця, нізенькая, хваравітая з маленства, стрыманая ў пачуццях і, як здавалася Кірылу, разумнейшая, кроку не ступіць, пакуль не ўзважыць усё як след, адно кніжкі яе псуюць. Што б ні рабіла, пры сабе трымае які-небудзь раман. Аладкі пячэ ля печы — і то з чытаннем. Малодшая Зося тварам і паставаю ўдалася ў бацьку, высокая і тоненькая, як трысцінка, але характар узяла матчын, такая ж гаманкая, мітуслівая, паспявала і сябе агледзець і зрабіць заўвагу сястры:
— Навошта табе чорны каснік? Ці ты манашка?
— Хустку завяжу, а касу закручу ў куксу на патыліцы, касніка не будзе відно,— адказала Каця.— Перш на сябе паглядзі! Так і пойдзеш, як расамаха, недаплеценымі коскамі матляць?
— І пайду! Мне так падабаецца.— Малодшая сястра наравіста крутнула галавою.
Каця падціснула вусны і павучальна сказала:
— Гэта ў Самары камсамолкі трэслі падстрыжанымі патламі, а тут, на радзіме, іншыя звычаі. Дзяўчаты павінны хадзіць у хустках.
— Нічога я нікому не вінная. А калі мне горача ў хустцы?
— Тата, скажы ёй! — настойвала Каця.
— І чаго прычапілася? Ну, на табе… Завяжу… Цяпер супакоішся? — адказала Зося, ускідваючы на галаву лёгкую светлую хустку, аздобленую шаўковымі кутасамі і размаляваную вяночкам далікатных кветак па краі.
Кірыла нічога не адказаў, прытоена ўздыхнуў. Каця нагадала пра Самару — і ён міжвольна падумаў, што бежанства забрала ў яго ўсё лепшае. Каб не вайна, жылі б яны прыпяваючы. Хоць на гаспадарцы працаваць было цяжка, але нястачы не ведалі, не галадалі. Трымаў чатыры каровы, пару коней, дзясятак свіней, восем авечак, плойму гусей, курэй, качак. Усё гэта давялося пакінуць і па загадзе цара ехаць у свет, бо на Расію вайною пайшоў немец. Калі вярнуліся з бежанцаў, дык засталі хату без даху, дзвярэй і вокнаў — голы зруб. Каб яшчэ трохі затрымаліся, дык і сцены расцягнулі б на дровы аднавяскоўцы. Давялося спыніцца ў брата Карпа. Усю зіму шчыраваў Кірыла, ладзіў дах, столь, печ, толькі пад вясну перабраўся з дочкамі ва ўласнае жытло. Ён меркаваў, што прычынаю нягод была неабачлівасць бацькі, які купіў зямлю паблізу чыгункі, хацеў жыць пры дарозе, каб прасцей было даехаць да Берасця, Кобрына і Жабінкі. Пралічыўся, не падумаў, што войны таксама рухаюцца па дарогах. Каб пасяліліся сярод балота, дык, можа, пераседзелі б ціха акупацыю. А так пагналі сямейку Барэйшаў у Жабінку на цягнік з мноствам гэтакіх жа гаротнікаў, і павезлі на злом галавы, у бог ведае якую Самару. Там і жонка памерла, пайшла аднойчы з бежанкамі ў стары здзічэлы сад, каб натрэсці яблыкаў, залезла на тоўстую галіну, а тая абламалася, бедная Палая абрынулася ўніз і ўвярэдзіла спіну. Забралі ў шпіталь. Прыйшоў Кірыла ў чарговы раз праведаць жонку, а яму сказалі, што яна ў трупярні.
З цяжкім сэрцам вярнуўся дамоў, узяў апратку для нябожчыцы, наняў вазака, каб забраць яе ды пахаваць, а ў шпіталі паведамілі, што жонку ўжо пахавалі, нават не сказалі, дзе магіла…
Заняты сваімі думкамі Кірыла не заўважыў, што дочкі працягваюць спрэчку.
— Малая ты яшчэ, падлетак... Нават пашпарта не маеш,— упікнула Каця Зосю.
— Гэта я малая? Паглядзі, хто з нас большы?
Малодшая сястра, смеючыся, стала перад люстэркам побач са старэйшаю і аказалася вышэйшаю ледзь не на галаву.
— Вырасла да неба, а дурная як трэба,— адказала Каця і адышла ўбок.
Кірыла звёў бровы на пераноссі і нездаволена, але без злосці сказаў:
— Годзе вам, сарокі, трашчаць! Збірайцеся, бо без вас вяселле згуляюць.
— Я гатовая, тата,— адказала старэйшая дачка.
— Усё ўзяла? — спытаў бацька.
— Так. Пляшку самагонкі, булку хлеба, міску журу.
— Тады пойдзем з Богам. А дзе ж Серафім? — спахапіўся Кірыла.
— Напэўна, на двары.
Кірыла, высокі, жылісты, устаў з-за стала, няспешна апрануўся, узяў кайстру з гасцінцамі, накіраваўся да дзвярэй. Зося яшчэ раз паспела крутнуцца перад люстэркам і засталася задаволеная сваёй хоць і хударлявай, але стройнаю постаццю. Лёгкаю птушкаю выпырхнула яна з хаты ў пахмурны вясновы дзень, адзін з тых, калі яшчэ спіць неадагрэтая зямля, а душа дзяўчыны спявала і жыла прадчуваннем нечага незвычайнага і шчаслівага. Хацелася выглядаць лепш за маладую, каб нават малады паглядзеў на яе з захапленнем, а пра астатніх вясковых хлопцаў і казаць няма чаго. Усе яны будуць стаяць у чарзе, каб паскакаць з ёю польку ці сербіянку.
— Серафім, дзе ты? — гукнуў Кірыла з ганка.
Худзенькі падлетак выглянуў з хлява з віламі ў руках.
— Я тут. А што? — спытаў ён.
— Чаму ты не пераапрануўся? З гною на вяселле пойдзеш? — нездаволена спытала Каця.
— Не… Я не пайду…
— Чаму? — здзівілася Зося.
— А што я там не бачыў? Ідзіце весяліцеся, а я гаспадарку дагледжу.
— Ну, як хочаш.— Махнуў рукою Кірыла і накіраваўся з двара, следам за ім пайшлі і дочкі.
— Нейкі ён дзікі ў нас расце,— заўважыла Каця.
— Бо сірата,— адказала Зося.— Жыве бы палын пры дарозе.
— Мы ж яму не чужыя, і бацька ў яго ёсць недзе ў Расіі, мо калі вернецца, дык будуць разам,— разважыў Кірыла дачок і, каб перапыніць пустую гаворку, размашыста пакрочыў па падсохлай дарозе.
Аднак Зося раз-пораз вытыркалася ўперад бацькі, абганяючы яго. Так вабіла яе чужое вяселле. Яна зусім не ведала маладога. Маладую бачыла толькі адзін раз, калі тая забегла днямі з дружкамі, каб запрасіць іхнюю сям’ю на вяселле, бо даводзілася нейкаю роднёю па маме. Зося не ўдакладніла, што гэта за радня, яна наогул мала каго помніла з ранняга маленства да бежанства, якое прайшло на хутары каля Крачкаў. За тыя гады пакуль Барэйшы былі ў Самары, у вёсцы шмат што змянілася: дзеці падраслі, сталыя пастарэлі, старыя паўміралі, мала хто вярнуўся ў селішча з бежанцаў. Аднак Зосю не турбавала тое, што яна не ведала тутэйшых людзей, ёй здавалася: гэтае свята ладзіцца для яе.