Эрнест Ялугін
“Перад патопам”
Мінск: выдавец В. Хурсік
Пра кнігу:
Гістарычны раман Эрнеста Ялугіна “Перад патопам” у многім спалучаны з папярэднім — “Ідзі і кажы”. У ім — не толькі працяг “адысеі” бортніка Зыха, які становіцца мсціўцам, атаманам казакаў, але і найважнейшыя перыпетыі гісторыі Вялікага Княства Літоўскага другой паловы ХVІ стагоддзя: ход усчатай маскоўскім царом Іванам ІV Грозным вайны ў Прыбалтыцы (Лівоніі) і следам — захоп беларускіх усходніх зямель уключна з Полацкам, поўная драматызму эпапея Люблінскай уніі 1569 г., загадкавыя раптоўныя смерці яе праціўнікаў — Радзівіла Чорнага і старэйшага Хадкевіча, нарэшце, агонія караля Жыгімонта-Аўгуста на фоне “пустой калыскі Ягелонаў”.
Чароўнае “зярцала” ведзьмака Твардоўскага, якім карыстаўся Жыгімонт-Аўгуст, дазволіла аўтару арыгінальна пашырыць у часе перспектыву твора, адмыслова стварыўшы перазовы з гістарычнымі раманамі выдатных польскіх класікаў-лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі Генрыка Сянкевіча (“Агнём і мячом”) і Уладзіслава Рэйманта (згадваецца заключны трагічны акорд рамана “Апошні сейм Рэчы Паспалітай”).
Пра аўтара:
Эрнест Ялугін нарадзіўся 19 лістапада 1936 года на станцыі Асінаўка Аршанскага (цяпер у складзе Дубровенскага) раёна Віцебскай вобласці. Пасля заканчэння сярэдняй школы стаў літсупрацоўнікам пры крычаўскай раённай газеце “Шлях сацыялізму”, з 1955 года — літсупрацоўнік гэтай газеты. Працаваў у мсціслаўскай раённай газеце “Калгасная праўда”, у шматтыражцы “За коммунистический труд” (Салігорск). Скончыў завочна аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1962). З 1961 г. — літсупрацоўнік, загадчык аддзела, адказны сакратар газеты “Знамя юности”, з 1966 г. — раз'язны карэспандэнт “Сельской газеты”, у 1969—1972 гадах — карэспандэнт газеты “Літаратура і мастацтва”. З 1976 г. — супрацоўнік часопіса “Неман”, у 1978—1984 гадах — намеснік галоўнага рэдактара. З 1990 г. — рэдактар газеты “Наша слова”.
Піша на рускай і беларускай мовах. Аўтар аповесцяў “Камни Млечного Пути” (1969), “Мстиславцев посох” (1971), “Сіндбад вяртаецца” (1988), “Последний князь” (1986), “Без эпітафіі” (1989), “Только камни” (аповесць і эсэ, 1989), кнігі нарысаў “Соленая планета” (1973), раманаў “Острова” (1975), “Год-другой в Алжире” (часопіс “Неман”, 1986), “Свечкі на Дзяды“ (1991), “Ідзі і кажы” (2006), “А потым — рай” (2008). Аўтар сцэнарыяў дакументальных тэлефільмаў “Мсціслаў: звенні часу” (1984), “Без эпітафіі” (1990).
2. Яго вялікасць прачынаецца
(урывак)
Хіхікаў з’едліва Станьчык.
Станьчык? Адкуль у яго таемных думках узяўся стары скамарох?
Апошняе зусім проста: Жыгімонт-Аўгуст памалу абуджаўся і спрабаваў узнімаць бы свінцом набрынялыя павекі, а стары смяхач, падкурчыўшы пад сябе станчэлыя ногі, сядзеў каля дзвярэй і адтуль падслепавата ўглядаўся ў яго вялікасць, ламаючы галаву —
як бы гэта ўмудрыцца нешта сказаць каралю, калі прачнецца канчаткова, каб той усё ж і ў
цяперашнім стане ацаніў жарт і засмяяўся. Бо следам давядзецца паведаміць і такое, што гаспадару будзе ўжо не да смеху. А хто яму яшчэ ў Вільні гэта скажа?
Адразу па прыездзе з Кракава, пасля цяжкай дарогі, адчуваючы, як стомлена тахкае старое сэрца і ломіць косці, Станьчык ужо і шкадаваў, што не застаўся дома, няхай бы тут, у Літве, караля забаўляў пляменнік, таму-сяму навучыўся каля дзядзькі, і пільным розумам, які гэтак патрэбны ў скамарошай справе, Усявышні не абдзяліў. Але хутка пераканаўся, што сама Маці Боская натхніла яго ў дарогу, а не толькі прымас Ян, яшчэ раз, мо, апошні, паслужыць Польшчы.
Лукаш, ложнічы, хоць і даўні сябра і адначарачнік, тым не меней на гэты раз ледзьве дазволіў Станьчыку ўтачыцца ў каралеўскую апачывальню, баяўся Радзівілаў. Ну вядома,
Не ложнічаму, няхай і каралеўскаму, станавіцца насуперак іх волі ў Літве. Усё ж Станьчык яго ўлашчыў. І няхай за ўмельства ўтачыцца ў любую шчыліну пан Рэй назваў каралеўскага смехача блыхой у кароне, з вуснаў такога майстра прыгожага слова гэта хутчэй ухвала, чымся кпін. Як і слынны зямляк-паэт, Станьчык цешыў сябе не аднойчы ў гадзіну тугі, што служыць не нейкім там можнаўладцам, а Радзіме. О, Польшча любая, ты як паветра!
У спальні стаяла халадэча, хоць учора ўвечары і палілі ў печах, але палілі паспешліва, са спазненнем, бо дварэцкі з раніцы меркаваў, што яго вялікасць застанецца начаваць у Радзівілаў, ажно не. А цяпер паліць не пачыналі, каб не патрывожыць усё яшчэ спачываўшага караля. Але яго вялікасці, відаць, холад не назаляў — балдахін над вялізным ложкам быў рассунуты. Добра, значыць, грэла яго вялікасць дзябёлая русінка, у замшэлага Станьчыка і то нешта слодычна напружылася ў чрэслах, калі яе ўгледзеў, і можна ўявіць, як ноччу каля яе завіхаўся ўвогуле прагны да жаноцкага мяса найяснейшы
гаспадар. Можна меркаваць, няблага пагрэўся, таму і балдахін у такім выглядзе, і стары
смяхач можа назіраць, як кароль спрабуе разляпіць набрынялыя ліловыя павекі.
А наложніца прачнулася зусім, толькі робіць выгляд, што дрэмле. Ага: цішком не-не ды і зіркне ясным вочкам на яго вялікасць, гатовая аднавіць салодкія начныя ўцехі, вунь ружовыя цыцкі старчаком і сцёгны напружыліся — тая яшчэ кабылка. Станьчык міжволі зноў дакрануўся далоняй да сваіх чрэслаў, нешта там ажыло, быццам ён скінуў з сябе тузіны са два гадкоў, памаладзеў.
Спакусную наложніцу здабыў яго вялікасці пан Ленцкі, што і казаць. Увішней па гэтай частцы хіба пан Мнішак, але той звычайна слугаваў зводнікам каралеўскім у Кракаве. Хаця пры патрэбе мог абслужыць яго вялікасць у любым месцы дзяржавы нямалай. І, канешне, непераўзыйдзеным подзвігам пана Мнішка было тое, як хітра ён змог у свой час здабыць каралю ажно з манастырскага замка бернардзінак найяснейшую Барбару Гальштольдаву з магутнага роду некаранаваных валадароў ці не ўсяго Вялікага Княства Радзівілаў, што б там астатнія тутэйшыя магнаты пра сябе не мроілі. О, гэты ліс Мнішак! Атрымаў каралеўскі заказ — і дарэмна асцярожлівыя браты запраторылі сястру за высокія муры святога прытулку, каб запыніць хцівую ўвагу да яе Жыгімонта-Аўгуста, дай божа яму здароўя на многае лета. А каб яго вялікасць не аказаўся настолькі закаханым і не адважыўся насуперак усяму магнацтву ўзяць шлюб з Барбарай? Мнішак у такім выпадку адназначна б галавы не знасіў, тырчэла б на ражне перад варотамі радзівілаўскага замка. А так — вось ужо і найяснейшая Барбара цешыцца райскай музыкай на нябёсах, а гуляка і каралеўскі зводнік па-ранейшаму ў вялікім фаворы нават у Радзівілаў. О, гэтыя Радзівілы! Хай бы іх нячыстая сіла ўхапіла.
Кароль з цікавасцю назіраў за старым смехачом: не паленаваўся ж прыцягнуцца з Кракава, хоць яго ўжо ніхто не клікаў. Зусім замшэлы пянёк, падумаў Жыгімонт-Аўгуст са шкадаваннем, бо памятаў Станьчыка ого якім увішным і з’едлівым пралазаю. Ды сядзеў бы ўжо дома ля печы і жартаваў са слугамі і суседзямі, калі за доўгае жыццё не надакучыла скамарошнічаць. Падумаў пра пяшчоту агню ў добрым каміне, бо адчуў, як патыхае ад акна нейкім чужым сырым холадам. Панесла ж яго нялёгкая зноў у Вільню. У Польшчы, здаецца, зімні холад не такі пранізлівы. Адно добра — ласкавая цеплыня струменілася ад наложніцы. Ды што ж, кабылку трэба адпускаць, хоць яна яму спадабалася, Ленцкі не хлусіў, калі абяцаў нешта асаблівае. Вядома, перабольшваў, але гэта ўжо якасць любога прыдворнага. Русінкі ўвогуле вельмі прывабныя. Дарэмна яму ўводзіць у вушы Мнішак, што лепей палячкі. Але найпекнейшай звабы, чымся была мілая горліца Барбара, Усявышні, відаць, і стварыць болей не здолеў ці не захацеў і паспяшаўся
Ўзяць яе да сябе ў сад райскі. Яго воля, што тут пярэчыць, толькі ж навошта было галубку так мучыць перад сконам? Нават гасударам не спасцігнуць ісціннага сэнсу ўчынкаў гасподніх, і не верылася, што такое даступна царкоўным служкам у якім бы чыне не былі...