Уладзімір Ліпскі
“Сонца над галавой”
Мінск: “Адукацыя і выхаванне”
Пра кнігу:
Гэту кнігу Уладзіміра Ліпскага можна смела назваць педагагічнай паэмай. Яна для ўсіх: хто шлюбуецца, хто ўжо мае дзіця, хто жадае навучыцца разумець і бачыць немаўля, хто імкнецца займець вернага сябра, хто хоча праверыць сябе, як настаўніка, хто не шкадуе сутак на выхаванне спадчынніка, хто хоча адчуць у Дзіцяці Божага Пасланніка.
Уладзімір Ліпскі ў новай кнізе “Сонца над галавой” застаецца верным свайму ўзнёсламу мастацкаму слову і высокай духоўнасці, якімі багата яго творчасць. Лісты пісьменніка да малога Толіка ахопліваюць перыяд жыцця ад дня народзінаў хлопчыка да яго сямігадовага ўзросту.
Пра аўтара:
Уладзімір Ліпскі — беларускі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Нарадзіўся 6 траўня 1940 года ў в. Шоўкавічы Рэчыцкага раёна. У 1960 скончыў Мінскі тэхнікум харчовай прамысловасці. Працаваў на Гарадзейскім цукровым заводзе, у нясвіжскай раённай газеце “Чырвоны сцяг”. Завочна скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1966). З 1978 года — галоўны рэдактар часопіса “Вясёлка”. З 1988 — старшыня праўлення Беларускага аддзялення Савецкага дзіцячага фонду, пасля — прэзідэнт Беларускага дзіцячага фонду, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай асацыяцыі дзіцячых фондаў. Ініцыятар і старшыня І Усебеларускага фестывалю народнага гумару ў Аўцюках Калінкавіцкага раёна (1995).
У друку выступае з 1964 года. Аўтар кніг публіцыстыкі “Райкомаўскія будні” (1971), “Дзень за днём” (1973), “Знайдзі сябе” (1974), “Якое яно, шчасце?” (1977), нарысаў “Прыдзвінскі цуд” (1975), “Высокія зоркі” (1981), дакументальных аповесцей “Крутыя вёрсты” (1980), “Урокі Купрэвіча” (1987), “Любі мяне пры ўсякай долі…” (з Б. Чалым, 1989), “Невядомы” (1990), зборнікаў прозы “Раны” (1987), “Дзень нараджэння” (1988). Выдаў кнігі аповесцей, апавяданняў, казак для дзяцей “Рыгоркавы прыгоды” (1974), “Марынчына казка” (1977), “Клякса-Вакса і Янка з Дзіўнагорска” (1982), “Лаўрэнавы працадні” (1984), “Пралескі ў небе” (1997), “Антонік-понік” (1998), “Наша Маша” (2002), “Прыгоды нуліка” і інш. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, Літаратурнай прэміі імя Я. Маўра (1993) за кнігу “Падкідыш”, Літаратурнай прэміі імя В. Віткі (1997) за аповесць “Загадкавы чалавечак”, Міжнароднай прэміі А. Швейцара (1998) за дабрачынныя справы на карысць дзяцей-закладнікаў чарнобыльскай трагедыі.
Год першы
Пакланіся любові
1
Мой светлы сонечны Унук!
Табе ўсяго некалькі гадзін ад народзін, я цябе яшчэ не бачыў, але, ведай, ты жаданы, чаканы і багаты. Хачу, мой любы спадчыннік, каб ты адразу зразумеў і ацаніў сваё багацце. У цябе вялікі род Ліпскіх, і ты ў ім — самы зялёны лісток. Ліпеньскі. Летні. Ты кугікнуў у добрую пару: усё буяе, расце, цягнецца да сонейка, аблашчана яго цяплом, гаючай расой, спевамі галасістых птушак.
У цябе, Унук, любячыя бацькі — Марына і Лёня. Ты маеш мудрую і прыгожую сястру Машу. Ты багаты дзедам, які піша табе гэтае пасланне, дзвюма чароўнымі бабулямі, якія гатовы цябе пеставаць і няньчыць. У цябе ёсць дзядзькі, стрыечныя браты, сястра. А твой радавод Ліпскіх вядомы ажно з семнаццатага калена. І ведай, дружа, у ім не было нягоднікаў, здраднікаў, забойцаў, горкіх п’яніц, злодзеяў, лайдакоў, хлусоў, шматжэнцаў. І ў гэтай чысціні багацце!
Ім ты мусіш не толькі карыстацца, але абавязаны ўзбагаціць наш радавод, унесці свой жыццёвы каравай, важкі і прывабны. Ты павінен вырасціць на магутным дрэве Ліпскіх
сваю, прыкметную галіну.
Пакуль жа ты толькі лісток, зялёненькі і чысценькі. Мы ўсе адразу, авансам любім цябе, гатовы саграваць сваім душэўным цяплом.
Мама корміць цябе сваім малачком. А наперадзе ў цябе малако магазіннае, а неба сёння сонечнае можа захмарыцца, а з мора можа падзьмуць вецер, а з-за вугла раптам выскачыць шалёны сабака...
Хлопчык мой! Як жа мне хочацца, каб ты ўзгадаваўся мужным і моцным, спагадлівым і добрым, шчодрым і ўсмешлівым, лагодным і бадзёрым, разумным і панятлівым. Гэтаму ўсяму вучыся змалку, пакуль вакол цябе плойма дабракоў.
Крывінка мая! Зірні на свет яснымі вачыма, зразумей яго і выберы сваю дарогу. Толькі ніколі-ніколі не забывай, мой любы, зямлю, на якой ты ўдыхнуў паветра. Яна называецца Беларусь. Палюбі яе да слёз. І тады ты станеш чалавекам на гэтай зямлі, і толькі тады ўбачыш і адчуеш прыгажосць усяго сусвету. Упусці ў душу, мой родны, напеўную і старажытную мову беларусаў і ты адчуеш, як душа твая напоўніцца гаючым нектарам, і ты зразумееш, да цябе дойдзе, не можа не дайсці, што за родную мову, за нашу зямлю, за гістарычны скарб народа, у які ўваходзіць і род Ліпскіх, трэба змагацца.
А пакуль што, дружа, адпачывай, налівайся маміным малачком, наталяйся ліпеньскім водарам. Хай жа святочным і радасным будзе твой жыццёвы шлях. Хай ва ўсім і штодня спрыяе табе анёл-ахоўнік. Хай падмагае табе сам Бог. Ведай яшчэ адно: Ён жадаў твайго з’яўлення на свет. Здолей аддзячыць Яму за гэта!
Твой дзядуля Валодзя
2 ліпеня 2005 г. (субота, Узгор’е-2)
2
Дарагі наш хлопчык!
Сёння ўбачылі тваю маму Марыну. Выйшла да нас у квятастым халаціку. Без звыклага ўжо жывоціка, у якім ты спачываў. Стомленая. Бледная. Але са шчаслівай усмешкай:
— Пупсіка прыносілі... Карміўся... Ля грудзей і заснуў знясілены...
Якая сусветная навіна!
Папіў мамінага малачка. Упершыню ў сваім жыцці паснедаў.
Я пазіраў на тваю маму і прыгадваў сваю маму Марыю, тваю прабабку. Вельмі ж яны падобныя: твая Марына і мая Марыя. Маленькія, але моцныя. За дзяцей гарой! І дзеці ў іх як у Бога за пазухай.
Мая мама Марыя нарадзіла мяне, калі ёй было 42 гады. Яе прывезлі на кані ў Горвальскую бальніцу, за 15 кіламетраў ад нашых Шоўкавіч. Я нядаўна пабываў у Рэчыцкім раёне, наведаў вёску Горваль, знайшоў тую мясціну, дзе стаялі драўляныя пабудовы даўнейшай бальніцы.
Ці не паверыш, Унук, я, ссівелы, упаў на зарослы дзірваном падмурак і зарыдаў. Божа! Вось тут мама мяне нарадзіла. Як я ўдзячны маме за Божы падарунак — жыццё!
На тым месцы, дзе была сельская радзільня, узняліся ў неба дзябёлыя сосны, паміж імі стаяць агрубелыя дрэвы акацый. Зусім недалёка працякае рака Бярэзіна. Імкліва нясе свае воды ў Дняпро. Іх спатканне адбываецца літаральна праз які кіламетр. Прыгажосць райская! Тут я ўбачыў свет. Мо таму пажыццёва і люблю прыроду. Яна — мае крылы, маё люстэрка, мая падзарадка душы.
Кажуць, прымала роды ў маёй мамы акушэрка Марыя Канстанцінаўна Качаноўская. Узяла мяне на рукі, парадавалася:
— Які слаўны хлопчык!.. Хай жа жыве ў міры і спакоі!..
Перадала мяне ў маміны цёплыя рукі. І я, відаць, як і ты, мой Унук, прыпаў да матуліных грудзей, напоўненых касмічнай энергіяй.
А праз год пачалася вайна. Пра яе ты пачытаеш у кніжках, у тым ліку і ў маіх.
Дзяцінства маё было апалена тым страшным ліхалеццем. Вёску і хату нашу спалілі. Мы хаваліся і жылі ў лесе. Бальніцу, дзе я нарадзіўся, ворагі разрабавалі і таксама спалілі. Забілі акушэрку, якая прымала роды ў маёй мамы.
Я стаяў ля абеліска нявінным ахвярам у Горвалі, і сэрца маё разрывалася. Знясільваў сябе адным пытаннем і не знаходзіў на яго адказу: чаму людзі становяцца звярамі? Завошта дубасім брат брата ажно з пары Каіна і Авеля?! Мы ж усе на Зямлі — радня...
Хлопчык мой, ты нарадзіўся святочнымі днямі. Усе мы адзначаем Дзень вызвалення Беларусі. Мы жывём у міры больш за шэсцьдзесят гадоў. Ацані гэта, будучы абаронца. А напачатку жыцця ўпусці ў сваё жыццё доктара Святлану Юр’еўну Нагібовіч, якая шчыравала над тваёй мамай, каб ты цэленькі і здаровенькі з’явіўся на свет. Запомні: ты нарадзіўся ў Мінску, у сэрцы Беларусі, у раддоме па вуліцы Бельскага. Не забудзь гэта!
А самае галоўнае, мой хлопчык, навучыся змалку быць удзячным чалавекам. Ацані подзвіг мамы Марыны, таты Лёні. Часцей радуй іх. Жыві і давай жыць іншым!
Мы цябе яшчэ не бачылі, але ўжо бязмежна любім. Здолей ацаніць гэта. І хай душа твая напоўніцца любоўю! А пакуль што спяваю табе дзедаву калыханку:
Люлі-люлі,
Маленькае!
А спі доўга,
Расці скора
Бацьку-маці
На пацеху...
3 ліпеня 2005 г. (нядзеля, Дзень незалежнасці Беларусі)