Таццяна Мушынская


“Джульета і экстрасэнс”


Мінск: Мастацкая літаратура”

Пра кнігу:


Героі пісьменніцы — нашы сучаснікі, сярод якіх пераважаюць прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі. З асаблівай цікавасцю даследуе аўтар свет жаночай душы. У цэнтры кожнага твора — адметны жаночы вобраз, хвалюючая, часам драматычная гісторыя кахання.

Дзеянне аповесці “Джульета і экстрасэнс” адбываецца ў абласным горадзе. У драматычны тэатр прыязджае вядомы сталічны рэжысёр, каб паставіць спектакль "Рамэа і Джульета". Нечакана высвятляецца: шэкспіраўскія страсці віруюць не толькі на сцэне, але і за кулісамі. У адзін клубок сплятаюцца каханне, інтрыгі, барацьба за ролі. Вялікі англійскі драматург пачынае містычным і незразумелым чынам уплываць на лёс рэжысёра і артыстаў, паглыбленых у яго трагедыю. Героі аповесці “Доўгае развітанне” — сучасныя музыканты. Падзеі твора “Апошняе каханне Дон Жуана” разгортваюцца ў мастакоўскім асяроддзі.



Пра аўтара:


Таццяна Мушынская — пісьменніца, журналістка, тэатральны крытык. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”, цяпер — у часопісе “Мастацтва”. Жыве ў Мінску.

Аўтар 16 выдадзеных кніг (проза, вершы, тэатральная крытыка). Уладальнік дыплома "За пашырэнне ведаў пра тэатр Беларусі" Камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА (2008). Па стыпендыі Інстытута польскай культуры ў Парыжы стажыравалася ў Польшчы (Варшава, Кракаў) як балетны крытык і лібрэтыст.

Аўтар кніг прозы "Доўгае развітанне" (1997), “Джульета і экстрасэнс” (2013), аповесцяў, прысвечаных творчай інтэлігенцыі. У зборніках прозы, выдадзеных “Мастацкай літаратурай”, друкавала аповесці і апавяданні. Беларускае радыё паставіла радыёспектаклі паводле аповесці “Доўгае развітанне” і апавядання “Дыханне ранняй восені”.

Для дзяцей выдала зборнікі апавяданняў, казак і вершаў, у тым ліку — "Віця Неслух у краіне мурашоў" (1995); "Свята печанай бульбы" (2003); "Калі тата — Дзед Мароз" (2000); “Вожыкі ў футбол гуляюць” (2008).

Апублікавала кнігі вершаў "Я вандрую ў стагоддзях" (1998); "Рабро Адама" (1999); "Сны кахання" (2006). Вершы перакладаліся на ангельскую, украінскую мовы. За апошнія дзесяць гадоў на словы Таццяны Мушынскай напісана больш за 200 музычных твораў. Сярод іх рамансы і вакальныя цыклы, харавыя цыклы, перформанс "Мора", вакальна-сімфанічная паэма "Кахаю...", камічная кантата "Рэпетыцыя хору", камічная опера "Дырэктар тэатра". У Мінску ў вялікай і камернай залах Белдзяржфілармоніі прайшло дзевяць творчых вечароў паэтэсы.

Аўтар больш як 500 публікацый па харэаграфіі, музыцы, тэатру. Апублікавала шэраг кніг, прысвечаных беларускаму балету: "Гармонія дуэта" (1987); "Гаркавы смак ісціны" (1993); "Страсці (Рагнеда)", (1997); альбом "Валянцін Елізар’еў" (1997, 2003). Выступала ў замежных выданнях: польскіх (часопіс "Borussia"), украінскіх (літаратурна-мастацкі зборнік "Гроно"), рускіх (часопіс "Балет", "Литературная газета", газета "Культура").

Аўтар лібрэта гістарычных балетаў "Барбара Радзівіл", "Апошні кароль", "Саламея". Аўтар п'есы "Чалавек, які купляе час", апублікаванай у часопісе "Немига литературная" (2004, № 5) і газеце "Культура" (2007). Аўтар сцэнарыя кароткаметражнага фільма "А калі я не вырасту?" (2007), аднаго з пераможцаў Міжнароднага фестывалю фільмаў-казак "Раскажы мне, воблака…", прысвечаных пераадоленню наступстваў чарнобыльскай катастрофы (старшыня журы — французскі рэжысёр Ален Флешэр).


Журы


Валянцін
Акудовіч

Уладзімір
Арлоў

Альгерд
Бахарэвіч

Барыс
Пятровіч

Андрэй
Хадановіч

Ціхан
Чарнякевіч

Малгажата
Бухалік

Адам
Паморскі

Лешак
Шарэпка