Сяргей Навумчык
“Дзевяноста першы”
Радыё Свабодная Еўропа / Радыё Свабода
Пра кнігу:
Кніга прысвечаная падзеям 1991 года, удзельнікам якіх давялося быць аўтару — масавым вулічным пратэстам, парламенцкай працы апазіцыі БНФ, абвяшчэнню незалежнасці Беларусі і першым крокам у будаўніцтве новай дзяржавы.
Пра аўтара:
Сяргей Навумчык — беларускі журналіст і палітык. Нарадзіўся 15 снежня 1961 года ў Пастава. Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Удзельнічаў у самвыдатаўскім друку. Лаўрэат літаратурнай прэміі Беларускага ПЭН-цэнтра імя Алеся Адамовіча (2006) за кнігу “Сем гадоў Адраджэння, альбо Фрагменты найноўшай беларускай гісторыі (1988—1995)”.
Галоўнае ў жыцці
“Паглядзіце, “бээнэфавец” такі малады, а з барадой. Што ён хоча гэтым сказаць?”
Гэтыя словы, вымаўленыя дэпутаткай — героем сацыялістычнай працы, былі першым, што я пачуў, калі ўпершыню увайшоў у Авальную залю (хаця зусім маладым я сабе тады не здаваўся — на той момант мне споўнілася 28 гадоў). Але я не паспеў асэнсаваць тое, што пачуў — уразіла тое, што пабачыў. На крэслах сядзелі людзі, амаль усе апранутыя ў аднолькава шэрыя гарнітуры. І мне падалося, што — аднолькавыя з твараў. Ва ўсякім разе, на тварах сакратароў райкамаў і старшыняў калгасаў была аднолькавая насцярожаная цікаўнасць — яны ці то чакалі, што я зараз выхаплю з-пад пінжака аўтамат і пачну страляць, ці то самі прыкідвалі, куды б пацэліць. Некаторыя з іх упершыню бачылі жывога “бээнэфаўца”, а ў газетах начыталіся ды на партыйных пленумах наслухаліся пра нас як “нефармалаў”, “экстрэмістаў” ды “радыкалаў”. Канешне, я ведаў, што нас, дэмакратычных дэпутатаў, будзе меншасць — але вось цяпер увачавідкі ўбачыў гэтую большасць, чамусьці шэрага колеру...
Гэта — у крэслах, а наверсе, паабапал прэзідыуму, навісалі чорныя скульптуры нейкіх людзей у вайсковай форме, якія падалі, уздымаліся, ішлі, беглі — то былі скульптурныя рэльефы, якія адлюстроўвалі “кастрычніцкую рэвалюцыю”. Але за ўсе пяць гадоў у Вярхоўным Савеце ў мяне ніколі не было ні жадання, ні часу падрабязна разгледзець усе гэтыя фігуры — не толькі ў залі пасяджэнняў, але і ў фае. Ужо значна пазней, у эміграцыі, я прачытаў, што сюжэты рэльефных фрызаў пачынаюцца з Вялікай французскай рэвалюцыі 1789-1794 гадоў, і рэвалюцыі ў Нямеччыне ў 1848-м, увасабляюць і Парыжскую камуну 1871-га, і нават “Абуджэнне каланіяльных народаў Усходу” і “Рэвалюцыйны Кітай”. З беларускай гісторыі — сюжэты “Сялянскае паўстанне ў акупаванай панскай Польшчай Заходняй Беларусі” і “Першы пяцігадовы
план СССР у дзеянні”.
Гэтыя сотні бронзавых фігураў знаходзяцца ў Доме ўраду ад моманту ягонай пабудовы на пачатку 1930-х гадоў.
А жывыя людзі ў Авальнай залі — мяняліся, тысячы дэпутатаў за шэсць дзесяцігоддзяў — і сталінскія наркамы, і камісары НКВД, і былыя камандзіры партызанскіх атрадаў, і партыйныя сакратары, і генералы, кіраўнікі буйных і дробных заводаў, дырэктары саўгасаў, зваршчыкі, даяркі, акторы, шоферы, мастакі, свінаркі, акадэмікі, ткачыхі, паэты... Розных прафесіяў людзі — але адно агульнае: галасавалі на загад. І загад ішоў не ад тых, хто сядзеў у прэзідыуме — а ад гаспадара Крамля, чый барэльеф доўгі час знаходзіўся ў цэнтры залі. Потым Сталіна замянілі на Леніна, але, як і раней, усё дыктавала Масква. І не маглі запярэчыць ні дэпутат Янка Купала, ні дэпутат Якуб Колас ...
Праўда, у 1939-м ім далі прагаласаваць за ўз’яднанне з Заходняй Беларусю. А праз паўстагоддзя паслядоўнікі песняроў — Генадзь Бураўкін, Васіль Быкаў, Ніл Гілевіч — ажыццявілі тое, што патрабаваў нядаўна створаны Народны Фронт — надалі беларускай мове статус дзяржаўнай.
У траўні 1990-га, з прыходам у Вярхоўны Савет дэпутатаў ад БНФ, у Авальнай залі ўпершыню прагучала крытыка камунізму і было вымаўлена слова “Незалежнасць”.
27 ліпеня 1990 г. была прынятая Дэкларацыя аб суверэнітэце — мы змагаліся за кожнае яе слова, але камуністычная большасць адмовілася надаць Дэкларацыі канстытуцыйны статус. Беларусь працягвала заставацца ў складзе СССР і залежаць ад Масквы, дзе ініцыятар перабудовы Гарбачоў усё часцей падпарадкоўваўся ваяўнічым антыдэмакратычным сілам. Адна за другой адкідаліся і заканадаўчыя прапановы дэпутацкай Апазіцыі БНФ (пра яе фармаванне было абвешчана ў дзень прыняцця Дэкларацыі), не падтрымалі камуністы і нашую канцэпцыю пераходу да рынкавай эканомікі, якую мы прапанавалі на другой сесіі Вярхоўнага Савету ўвосень 1990-га.
У гісторыі 1991-ы застанецца годам, калі ажыццявіліся мары тых, чые выявы, магчыма, калі-небудзь з’явяцца ў фае Дому ўраду — Тадэвуша Рэйтана, Тадэвуша Касцюшкі, Эміліі Плятэр, Кастуся Каліноўскага, стваральнікаў БНР ды іх паплечнікаў…. Мары, якая не згасала ў стагоддзях і за якія тысячы беларусаў аддалі свае жыцці. На шчасце, здзейсніць гэтую мару актывістам БНФ удалося бяскроўна, хаця і вялізнымі намаганнямі.
Пазней мяне пыталіся, ці адчувалі мы ўсю гістарычнасць тых падзеяў, удзельнікам якіх давялося быць. Думаю, што хутчэй можна казаць пра ўсведамленне палітычнай неабходнасці тых мэтаў, якія мы перад сабой прагматычна ставілі — незалежнасці Беларусі і стварэння ўсіх атрыбутаў дзяржаўнасці, ліквідацыі КПСС, дэмакратызацыі, эканамічных рэформаў. Вельмі шкадую, што не рабіў штодзённых запісаў, бо праз дзесяцігоддзі цяжка ўзгадаць свае тагачасныя адчуванні. Але з другога боку, на дзённік проста не было часу. Затое захаваліся пратаколы пасяджэнняў Апазіцыі БНФ, якія я вёў цягам ўсіх шасці гадоў кадэнцыі Вярхоўнага Савету, іншыя дакументы, якія разам са стэнаграмамі сесіяў ды публікацыямі ў перыёдыцы даюць адчуванне атмасферы таго часу.
Беларуская незалежнасць ў пачатку 1990-х не была ў інтарэсах Захаду, і ў гэтай кнізе чытач не знойдзе словаў падтрымкі ідэі дзяржаўнасці з боку заходніх палітыкаў — у 1991 годзе яны не прагучалі. Не мела гэтая ідэя і падтрымкі і ў Расеі, у тым ліку і ад тых, хто адносіў сябе да дэмакратаў. Але ў пэўны момант нашыя памкненні супалі з інтарэсамі ўсходніх суседзяў — і мы былі гатовыя да таго, каб скарыстаць спрыяльныя абставіны.
Штодня пасля пасяджэнняў у Авальнай залі мы збіраліся ў нашым 363-м пакоі, на трэцім паверсе правага (калі стаць тварам да фасаду) крыла, вокны якога з аднаго боку выходзілі на помнік Леніну, а з другога — на плошчу, тую самую, дзе ў 1991 годзе будуць збірацца тысячы людзей.
Разам з гэтымі людзьмі на плошчы нам пашэнціць вырашаць лёс Беларусі. І праз шмат гадоў мы зразумеем, што падзеі 1991 году — нягледзячы на ўсё, што здарыцца ў нашых лёсах пазней — і былі ў нашым жыцці самым галоўным.