Людміла Рублеўская
“Ночы на Плябанскіх млынах”
Мінск: “Мастацкая літаратура”
Пра кнігу:
У кнігу вядомай пісьменніцы Людмілы Рублеўскай увайшлі гатычны раман “Скокі смерці”, у якім журналістка Ганна Барэцкая і рэстаўратар Юрась Дамагурскі разгадваюць таямніцу сярэднявечных гадзіннікаў, аповесць “Ночы на Плябанскіх млынах”, дзе міфы і легенды Мінска пераплятаюцца ў запамінальную містычна-рамантычную карціну, цыкл “Старасвецкія міфы горада Б*”, што спалучае антычныя міфы і рэаліі старасвецкага беларускага мястэчка, а таксама апавяданні, у якіх дзейнічаюць і паўстанцы Каліноўскага і Касцюшкі, і нашы сучаснікі. Героі Людмілы Рублеўскай вырашаюць адвечныя праблемы выбару паміж годнасцю і бяспекай, каханнем і здрадай, захаваннем гістарычнай памяці і абыякавасцю. У кнізе ёсць і прыгоды, і містыка, і гумар, і псіхалагізм, і развагі над лёсам Беларушчыны.
Пра аўтара:
Людміла Рублеўская нарадзілася ў Мінску ў 1965 годзе. У 1986 годзе паступіла ў Літаратурны інстытут iмя Горкага ў Маскве на аддзяленне паэзіі, адкуль вярнулася праз год і перавялася на беларускае аддзяленне філфака БДУ. Працавала ў газеце “Наша слова”, часопісе “Першацвет”, тыднёвіку “Літаратура і мастацтва”. Кіруе суполкай маладых творцаў “Літаратурнае прадмесце”. Лаўрэат прэміі часопіса “Дзеяслоў” “Залаты апостраф” за паралельны раман “Золата забытых магілаў”, дзеянне ў якім адбываецца ў часы паўстання Кастуся Каліноўскага і ў нашым часе. Усяго ў яе выйшла амаль два дзясяткі кніг у розных жанрах — паэзія, проза, драматычныя творы, эсэ, крытыка, творы для дзяцей, сярод якіх кніга казак “Прыгоды мышкі Пік-Пік” — спроба стварэння сучаснай беларускай гарадской міфалогіі (выдадзеная ў Беларусі і Польшчы). Аўтар кніг прозы “Старасвецкія міфы горада Б*”(2002), “Сэрца мармуровага анёла” (2003), “Пярсцёнак апошняга імператара” (2006), кнігі казак для дзяцей “Карона на дне віра” (2008), зборніка гістарычных эсэ “Беседы о философах”(2006), кнігі краязнаўчых артыкулаў “Я — мінчанін” (2006, у перакладзе на рус. мову — 2007), зборніка архіўных даследаванняў па гісторыі беларускай літаратуры “Время и бремя архивов и имен” (2009) у суаўтарстве з гісторыкам В. Скалабанам. Аўтар шматлікіх паэтычных зборнікаў: “Крокі па старых лесвіцах”(1991), “Замак месячнага сяйва”(1992), “Над замкавай вежай”(2003), “Балаган”(2000), “Рыцарскія хронікі”(2002), “Шыпшына для пані” (2008) і др., а таксама аўтар драматычных паэм і п’ес, некаторыя з якіх былі пастаўленыя на тэатральных сцэнах. Па драматычнай паэме “Апошняя з Алелькавічаў” зняты аднайменны відэафільм ( БТ, 1999). Дакументальная п’еса “Людвіка і Фабіян” у суаўтарстве з гісторыкам В. Скалабанам выйшла асобнай кнігай (2007). Выступае ў друку як крытык і літаратуразнаўца. Аўтар даследавання “Беларускі міф і яго трансфармацыя ў маладой паэзіі 10-20-х i 80-90-х гг. ХХ ст.”. Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Скокі смерці
Гатычны раман
(урывак)
Свет добры. Свет мяне паўторыць.
Ну а не свет — дык Беларусь.
Мне досыць.
У. Караткевіч
Яны круціліся ў вар’яцкім карагодзе вакол ратушы ўжо дзясятую гадзіну. Неба зрабілася чырвоным, як распаленае жалеза. Цяжкі дым вогнішчаў, якімі адпалохвалі пошасць, слаўся па бруку, нібыта душы, што дарэмна праглі перад смерцю апошняга прычасця, не хацелі пакідаць зямлю...
— Ю-ры, Ю-ры, па-ра-туй!.. Ю-ры, Ю-ры, па-ра-туй!..
Выкрыкі былі ўжо мала падобныя да чалавечых. Анэта адчувала, што з яе надарваных грудзей выходзіць толькі хрыплы свіст. У моманты прасвятлення ўсведамлялася, якія халодныя рукі ў тых, хто побач: справа — худы і светлы, як трыснёг, мніх-мінарыт, у бурым плашчы са спічастым каптуром; злева — сівагаловы мечнік Лаўрын, у якога нядаўна памерла ўся сям’я... І ў таго, і ў другога далоні — як ільдзяныя абцугі. Нібыта цябе трымае сама смерць... А хіба не так? Нехта паспрабаў вырваць Анэту з людскога кола...
Голас Богуша гучаў зусім побач:
— Ачніся! У імя Госпада! Пайшлі дадому!
Не, не ў змозе чалавечай спыніць гэтыя скокі... Імчаць, імчаць па коле... Але яна не можа... Не можа больш... Упасці... Стаць зямлёй... Пылам пад чужымі нагамі...
На царкоўнай званіцы ўдарыў звон — няўмольна-ўладарна. І карагод закруціўся з новай сілай.
— Ю-ры! Ю-ры! Па-ра-туй!
Пошасць прыйшла ў Старавежск з восеньскім ветрам, перавітым сівым павуціннем, з горкім пахам верасу, і як павуцінкі бабінага лета, паляцелі лёсы ў невядомы вырай, пакідаючы жывым адчай збуцвелай лістоты. Спыняліся млыны, пераставалі стукаць молаты кавалёў, абміналі горад шаноўныя купцы, і тыя, хто застаўся жывы, не мелі чым прывязаць душу да цела... Вялікі князь абяцаў дапамогу. За гэта горад мусіў расплаціцца часткай волі. Але пра старавежцаў суседзі нездарма казалі: “Хоць лоб медны, але ж мур каменны”, ды яшчэ пляткарылі, як старавежцы сеялі ваўчыныя зубы вакол студні, каб выраслі пакрытыя поўсцю воі, ці пра тое, што ў падзямеллях гарадскіх цякуць мядовыя крыніцы, і што кожны старавежац умее апоўначы шапкай злавіць чырвоную мятлушку, каб смажыць блінцы на яе незгасальным агні. Пасланцы Вялікага князя атрымалі “гарбуза”. Ды, пакуль яны ўгаворвалі ўпартых месцічаў прымірыцца з князем, сталася яшчэ горш — за пошасцю пачаўся шал... Карагод смерці.
Біскуп, дасланы ў Старавежск Вялікім князем, спалохана і трохі грэбліва назіраў з вакна ратушы за шаленцамі, трымаючы ля носу ладанку з зёлкамі.
— Прасвяты Божа, што рабіць? Палова магістрату скача... Настаяцель храма! Цэлы дзень сядзім тут, як у аблозе... Можа, паслаць варту — спыніць іх?
— Бескарысна, — Гервасі Бернацоні, лекар Вялікага князя, што прыехаў разам з біскупам, абыякава скрывіў тонкія вусны.— Я бачыў падобнае шмат разоў. У Фларэнцыі гэта называецца скокі святога Гюі. У Эльзасе — скокі святога Віта. У Кёльне шаленцы звярталіся да святога Ёгана... Тутэйшыя, ліцвіны, заклікаюць святога Юр’я... Я называю гэта скокамі смерці. Звычайна такое здараецца, калі пошасць забірае больш за палову жыхароў места.
Адна з жанчын шалёнага карагоду ўпала. Двое смельчакоў з варты падбеглі і адцягнулі кабету — яна была нібыта спруцянелая, толькі ногі ў збітых да дзірак кабцях усё яшчэ тузаліся, усё яшчэ працягвалі смяротны танец ды з вуснаў, на якіх засохла шэрая ад пылу пена, вылятаў ціхі хрып:
— Ю-у-у-ры-ы...
— Божы праклён... — пакорліва прашаптаў біскуп.
Бернацоні скептычна паціснуў плячыма.
— Хто кажа — праклён, хто — наадварот... — Лекар прымружыў чорныя жорсткія вочы, углядаючыся ў рух на пляцы.— Дзвесце гадоў таму маленькі пастух з Клоэ пачуў голас з неба і павёў тысячы дзяцей у крыжовы паход, адваёўваць Святую зямлю... Яны гэтаксама скакалі і крычалі, прарокавалі і круціліся да знямогі. А Папа іх блаславіў, як абранцаў Божых.
— Дзеці — бязвінныя істоты, — важка прамовіў біскуп.— Яны бліжэй да анёлаў, чымся мы, грэшнікі... Святы Дух часцей гаворыць праз іх.
Бернацоні паківаў галавой і прамовіў з перабольшанай ветлівасцю:
— Праўда, мне нехта расказваў, тых блаславёных вашым Папам дзетак генуэзскія купцы пагрузілі на караблі і завезлі на турэцкія рынкі рабоў.
Біскуп зразумеў прыхаваную насмешку, але змаўчаў. Адкрыта пярэчыць Гервасію Бернацоні не наважыўся б ніхто: усе ведалі, што пры Вялікім князі ён больш чым лекар — таемны дарадца. З’явіўся пры двары яшчэ тады, калі князь звязаўся з ерэтыкамі-гусітамі і нават пляменніка паслаў па чэшскую карону... Тады і панаехала розных — мніхаў-раскольнікаў, худых, як бізун, з фанатычна палаючымі вачыма, вучоных шарлатанаў са змяінымі ўсмешкамі... Прага ўяўлялася біскупу вялікім Бабілонам. Бернацоні шмат гадоў жыў у тым вертэпе, і чым займаўся, добраму хрысціяніну лепш не ведаць. Лекар сапраўды ён выдатны. І тлумач дзіўны, мабыць, нават на мове латафагаў гаворыць...
“Вось толькі на мове анёлаў табе, браце, не гаварыць”,— помсліва падумаў біскуп.
— І ўвогуле, чаго вы так пераймаецеся? — працягваў Гервасі.— Я разумею, у гэтай краіне такое ўпершыню... Вы не ведаеце, што гаварыць новай пастве... Але каб не скокі, было б горай. Пошасць і шаленства — справядлівае пакаранне за гардыню. І своечасовае.
Біскуп з жахам зірнуў на смуглявы, у прыцемку бронзавы, твар лекара.
Бернацоні холадна ўсміхнуўся:
— Толькі не кажыце, святы айцец, што не ведалі пра невымерную гардыню гэтага горада — стацца ліцвінскай Генуяй... Вялікі князь думае, як захаваць сваю дзяржаву, як прымірыцца з братам, як адбіць татараў і русічаў — яму не да выбрыкаў “вольнага места”. Успомніце, як Вашая правялебнасць паводзілася мінулым днём, калі добрыя месцічы сабраліся пад гэтым вакном ды пачалі гарлаць сваё “Ганьба!” ды патрабаваць веча! Да таго ж, прыхільнікаў Папы ў горадзе не шмат... Ці не вы мяне прасілі неяк утаймаваць гарлапанаў?
Біскупа перасмыкнула.
— Я зусім не ўяўляў, што гэта станецца так... Гэта... больш падобна на жахлівае чараўніцтва.
Бернацоні раздражнёна запярэчыў:
— Калі б гэтыя людзі ўжо не мелі ў сабе душэўнай хваробы, ім не пашкодзіла б нішто... І я, не варты, імчаў бы зараз з вамі да Вялікага князя з вялікай ганьбай...
— Але ў коле апынулася і некалькі нашых вояў!
Бернацоні холадна ўсміхнуўся:
— Што ж, небаракам не пашанцавала... Але калі чалавек апынаецца ў нядобры час у нядобрым месцы, хіба і ў гэтым няма праявы Божае волі? Гасподзь разбярэ на Судзе, хто праведны, хто грэшны. І Ён сам выбірае інструменты, якімі выконваецца Ягоная воля. Так што не дратуйце сваё сумленне, Ваша правялебнасць, гэта было неабходна. Падайце знак, каб паставілі вакол пляца варту, абвясціце скокі Божым праклёнам і чакайце.
Карагод трохі суцішыў рух. Яшчэ некалькі чалавек упала. Мніх заенчыў і паспрабаваў вырвацца з кола... Але зноў ударыў звон, і яму азваліся гадзіннікі ў ратушы — Бернацоні паўсюль вазіў за сабой сваю каштоўную калекцыю, нечуванае цуда для Старавежска. Тут нават на ратушу гадзіннік не сабраліся паставіць, як зрабілі гарадзенцы. Не да гадзіннікаў было гарадской радзе — войны бясконцыя... Толькі адбілі русічаў — татары... Вялікі князь даніны патрабуе, кароль польскі зманьвае да Кароны... Усім патрэбны слаўны Старавежск, усе хочуць садраць з ягонае ратушы белы штандар з чырвоным, нібыта ўзыходзячае сонца, коннікам...
А ў Бернацоні гадзіннікі, як у каралеўскіх палацах — падобныя да маленькіх храмаў, аздобленых рознымі фігурамі... І цэлых дванаццаць. Тахкаюць, нібыта кузні хохлікаў. Калісьці біскуп не супраць быў адзін займець. Але хіба пражскі прыхадзень падорыць... Не выменяў і на велізарны аметыст у аправе з белага золата (у біскупа была свая слабасць да прыгожых рэчаў). Але цяпер, калі біскуп ведае моц гэтых гадзіннікаў, нізавошта не згадзіўся б трымаць такі ў сваім доме.
Між тым небаракі, апантаныя скокамі, нібыта гукі падагналі іх, закруціліся з новай моцай.
Сонца зусім схавалася за цёмным вострым абрысам царквы. У водблісках вогнішчаў, якія гарэлі на ўсіх кутах пляца, імкліва рухаліся злавесныя цені. Важкі залаты ланцуг, сведчанне доктарскага звання, цьмяна пабліскваў на грудзях княжскага лекара.
— І колькі гэта будзе доўжыцца? — з роспаччу прамовіў біскуп.
— Пакуль яны ўсе не памруць,— спакойна адказаў Гервасі.