Сцяпан Стурэйка
“Твой стыль” [электронная кніга]
Пра кнігу:
Іранічна-фантастычная гісторыя пра абаронцаў спадчыны з элементамі чорнага гумару і самападману. Групка маргіналаў-гісторыкаў змагаецца за старыя гарадскія развалюхі з прывідным і няўлоўным разрушыцелем, але, як бывае ў жыцці, у выніку перамагае бабло. У той час, калі многія звышдраматызуюць сітуацыю і пагружаюцца ў змрочныя думкі пра будучыню нашай спадчыны, аўтар прапануе пасмяяцца з саміх сябе ды ўявіць іншую рэальнасць. Ён нікога не папракае за залішнюю наіўнасць, але, наадварот, перакручвае наш свет, паказваючы фантастыку і фікцыю больш рэальнай за жыццё.
Пра аўтара:
Сцяпан Стурэйка — гісторык, культурны антраполаг, выкладчык Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Нарадзіўся ў Гродне. Займаецца даследаваннямі феномену культурнай спадчыны, пытаннямі гісторыі Беларусі канца ХІХ — пачатку ХХ ст., вывучае трансфармацыю ідэнтычнасці мігрантаў. Мае больш за 20 навуковых публікацыяў, у тым ліку тры кнігі, удзельнічае ў выдавецкіх праектах часопіса “ARCHE”. Аповесць “Разрушыцель” — першая спроба аўтара выйсці на літаратурнае поле.
Калі прытомнасць пачала вяртацца, да Роберта спачатку данесліся гукі працуючых рухавікоў, а потым, як перамаўляюцца людзі. Мяркуючы па колькасці галасоў, людзей было вельмі шмат. Роберт расплюшчыў вочы і знайшоў сябе ляжачым на лаўцы пад вялізным навесам. Побач стаялі аўтобусы, напалову запоўненыя пасажырамі. Паўсюль сноўдаліся мужчыны і жанчыны з валізкамі розных памераў і колераў.
“Што гэта? Экскурсійная вандроўка? Турысты?” — падумалася яму.
“Аўтавакзал!” — прыслужліва падказаў розум. Галава шалела, думкі ўпарта не хацелі рабіцца празрыстымі і ледзь намацаныя выслізгалі прэч. Аднекуль, зусім невядома адкуль, праступіла разуменне, што ён хвіліну таму сам выйшаў з падобнага вялікага аўтобуса.
“Куды гэта я ехаў?” — мітусіліся думкі.
“Не, гэта не самае важнае цяпер”, — напіралі ім у адказ іншыя. — “Важна, куды ты ўрэшце прыехаў”.
Сонца стаяла так, нібыта было ўжо моцна па абедзе. Прыпякала. Ён зрабіў высілак і ўладкаваўся на лаўцы паўседзячы. Цяпер гэта выглядала больш прыстойна, чым проста ляжаць. Роберт агледзеўся, намацваючы вокам хоць якія прасторавыя арыенціры. Арыенціраў не ставала. Горад здаваўся абсалютна невядомым. Валізкі побач не было. Магчыма, спёрлі, але папераймацца гэтым ён вырашыў потым, як толькі дазнаецца пра больш важную рэч.
Падаецца, ён намераваўся паехаць некуды ў міжнародным аўтобусе. Так, сапраўды! Ён намацаў у нагруднай кішэні вялікі простакутнік паперы, складзены некалькі разоў. Аказалася, гэта квіток на маршрут “Рыга-Прага”. На сённяшні, напэўна, дзень. Цяпер выбар моцна звузіўся.
У галаве сталі з’яўляцца вобразы вялікай п’янкі. Ён быў з сябрамі, ён моцна перабраў. Потым зразумеў, што спазняецца на аўтобус. Яны злавілі таксоўку, заехалі на нейкі прыпынак, на якім стаялі два аўтобусы – адзін з Рыгі ў Прагу, а другі з Прагі ў Рыгу. Відаць, проста сустрэліся на шляху. Адзін з іх пачаў ад’язджаць ад перону, сябры рэфлекторна замахалі рукамі і закрычалі нешта кіроўцу. Цудам яны дакрычаліся да яго. Кіроўца моцна абураўся і… нават не паглядзеў на квіток. Потым правал. Што гэта за аўтобус такі быў? Куды ён мяне прывёз? Ці то Рыга, ці то Прага…
Роберт агледзеўся яшчэ раз. Насупраць аўтавакзала пачынаўся сапраўдны горад, дзе віравала жыццё з трамваямі, прыгожымі дзяўчынамі і газетнымі шапікамі. Народ спяшаўся па справах. Будынкі на вуліцы былі трох-пяці-павярховыя, прыгожыя, відавочна старыя, у такім эклектычным стылі. Роберт ніколі не быў ні ў адным са згаданых местаў, таму ніяк не мог ідэнтыфікаваць краявід. Усё, што ён ведаў пра рыжскую і праскую архітэктуру, гэта тое што большасць будынкаў там узведзеныя ў XVIII-XIX стагоддзях, адчулі моцны ўплыў нямецкіх архітэктурных традыцый, югендстылю і ўсяго такога. Штосьці нямецкае сапраўды чыталася ў абліччы прывакзальнай вуліцы, але гэта зусім не прасвятляла сітуацыю.
Наогул, апошнімі гадамі ўсе гарады станавіліся для яго вельмі падобныя — з прыгожымі адрэстаўраванымі фасадамі, бляшанымі дахамі, флюгерамі на вежачках, сувенірнымі крамамі і турыстычнымі групамі, якія шпацыравалі па старадаўніх брукаваных вулачках ад катэдры да музея і назад. Усё было адно і тое. Ён падазраваў, што і апраналіся людзі ў падобныя строі, і харчаваліся ў аднолькавых сімпатычных кавярнях з духмянай кавай. Пустыя падарожнікі сваімі турыстычнымі зацікаўленасцямі заціралі гарадскую своеасаблівасць, рабілі цэнтры падобнымі да лялечных дамкоў, дзіцячых пляцовак, дзе добра пабавіць час за келіхам чагосьці мясцовага, сфатаграфавацца і набыць магніцікі. А як там жыць?..
Тут Роберт прыгадаў, што, відаць, мова ў жыхароў мусіць быць розная, і хоць не разумеў ні па-рыжску, ні па-праску, насцярожыўся на людзей побач. Гэта мусіла стаць адказам. Трое мужчын нешта жыва абмяркоўвалі па-італьянску, купка дзяцей ля бліжэйшага аўтобуса — па-нямецку, а пара пенсіянераў з валізкамі, што праходзіла побач, — па-французску. Роберт пахаладзеў.
І раптам яго погляд уперыўся ў гіганцкі агітацыйны плакат на сцяне аўтавакзала, на якім на фоне гатычнага касцёла стаяла ўсмешлівая сям’я з малым. Знізу па-руску чырванеў подпіс: “Рэстаўрацыя — гэта калі ашчаджаюць газ”. Тут ён прыгадаў, што Рыга — гэта адна з савецкіх сталіц і прачнуўся.