Сяргей Вераціла
“Разбітае сэрца Вітаўта”
Мінск: “Мастацкая літаратура”
Пра кнігу:
Сяргей Вераціла сваёй прозай працягвае традыцыі закладзеныя Кузьмой Чорным, Міхасём Стральцовым, Алесем Жуком. Тонкі лірызм твораў спалучаецца з глыбокім псіхалагічным аналізам, а характар герояў раскрываецца на фоне будзённых сітуацый, якім пісьменнік надае рамантычную афарбоўку, а прырода падкрэслівае ўнутраны свет лірычнага героя. Пішучы пра дзяцей або падлеткаў, пісьменнік намагаецца паказаць чытачу ўнутраны свет сваіх герояў. Творы Сяргея Верацілы лірычныя, і тэма кахання займае ў іх галоўнае месца.
Пра аўтара:
Сяргей Вераціла — паэт, празаік. Нарадзіўся 29 красавіка 1961 года. Жыў і працаваў у Эквадоры. Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў. Жыве ў вёсцы Краснае Сяло Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці. У 2013 годзе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” выйшла кніга апавяданняў “Разбітае сэрца Вітаўта”.
Смерць у Бабілёне
(урывак з апавядання)
Залаты трон гаспадара паловы айкумены быццам асвятляў залу. Ззянне гэтае разыходзілася промнямі і сягала на захадзе Адрыятыкі, на ўсходзе Інда — амаль усіх земляў, дзе ступіла нага гопліта з берагоў Аскія ці Ахелоя.
Важкі залаты трон у горадзе, што зрабіўся прытулкам цэлым народам, багацці якога збіраліся тысячагоддзямі, у горадзе, што зараз дзяліў славу толькі з адным чалавекам. Горад аздабляў сабою трон. А гаспадаром трона, роўна як і горада, быў Аляксандр, і сядзець на гэтым троне менавіта ў гэтым горадзе было значна прыемней, чым быць гегемонам усіх вёсак Фесаліі, Мегарыды ці Месеніі.
“Усе іхнія слынныя полісы — гэта толькі вёскі з гарохавай арыстакратыяй і охласам, які аднолькава непрыемна шуміць і бздзіць на сваіх бясконцых судох. Нават Атэны — гэты гадзючнік — я пакінуў цэлымі толькі таму, што там жыве Настаўнік. Хаця цяпер, калі зірнуць з гэтай залы з важкім залатым тронам, ён толькі местачковы педагог, абмежаваны блышыным элінскім нацыяналізмам. Усё ўменне гэтых элінаў — толькі сядзець, бы жабы, па берагах сажалкі (гэта ў іх называецца: каланізацыя), ляпіць з гліны гарлачы, гандляваць салёнай рыбай ды сварыцца між сабою, лаючыся самымі бруднымі словамі (апошняе яны называюць рыторыкай і філасофіяй)”.
Аляксандр ступіў у цьмяную глыбіню залы. Яе глыбокае паўсвятло насцярожвала і перасцерагала. Аляксандр прыпісаў гэта ўплыву багоў, што спакон веку сяліліся ў Бабілёне. Ён, праўда, не лічыў сябе асабліва чужым у сям'і Мардука ды Іштар. Ён сам у пэўным сэнсе быў прычынены да іх. Егіпет прызнаў яго богам, і народы ўкленчылі перад Аляксандрам.
“I нездарма я асабліва не імкнуўся лучыцца з Філіпам, быццам адчуваў, што мой бацька не месціцца на зямлі... А Філіп — звычайны грэк з перыферыі. Усе яны аднолькавыя. Уся іх слава — адцягаць у суседняга поліса некалькі вёсак ды атрымаць жменьку аболаў у пакораных. Яны, зразумела, сёння прызналі мяне богам, але бухнулі ў гімны не адзін піфос смярдзючай атруты (гэта яны называюць атычнай соллю). А я... не зважаючы на заўсёдную няўдзячнасць гэтага народа гандляроў і гарлапанаў, адпомсціў персам спаленыя Атэны, адпомсціў сорам і прыніжэнне македонскай дынастыі, што была змушана служыць Ахеменідаваму трону; больш за тое, я панёс славу грэка-македонскіх фалангаў да вільготных лясоў Гангі, я стварыў грэкам неўміручую славу, я адчыніў значна больш чым хто для іх дзверы айкумены, я паказаў ім, што золата можа не каштаваць амаль нічога, бо за кожную кроплю крыві майго гопліта здабыта столькі скарбаў, што за іх можна купіць астатнюю частку айкумены, якую я пакуль яшчэ не заваяваў. А яны хацелі мяне стрымаць! Дробныя чалавекі, яны не ведалі, што немагчыма стрымаць хаценне бога! Я многім дараваў няведанне, акрамя старога асла Парменіёна, і добра, каб толькі асёл, але гэта была самая сапраўдная яхідна, у якой з кожнай думкі, з кожнага слова пырскала смярдзючая атрута, змешаная з гноем. Ён лічыў сябе спадкаемцам Філіпа — ён і спаткаўся з ім!..”
Раптам Аляксандр адчуў нейкую млоснасць, і яму зрабілася трохі холадна. Сонца зайшло, і надвор'е рэзка змянілася, як заўсёды ў пустынях, дый ад ракі таксама цягнула. Аляксандр пашкадаваў аб цёплым гімаціі: пасля гульні ў мяч цела паспела астыць. Каб адагнаць холад, ён некалькі разоў прысеў, узмахваючы рукамі... і раптам па целе пабег новы, незнаёмы холад, пабег хуткімі змеямі, бруямі ледзяной вады, і гэты новы холад спруцяніў цела.
На троне, на важкім залатым троне сядзеў яшчэ адзін Аляксандр. Так, гэта быў амаль самы сапраўдны цар Азіі. Барвяніца, тыяра, нат тыя ж самыя рысы твару, ягонага твару, пра які казалі, што Алківіяды нараджаюцца не часцей ад Сакратаў. Але страх — гэта толькі імгненне, якому ўласціва хутка праходзіць,— страх прайшоў. Аляксандр пляснуў далоньмі. Той, хто сядзеў на троне, нат галавы не павярнуў. А на пляскат амаль нячутным рэхам адазваліся крокі “неўміручых” з персідскай аховы цара. Ціхенька пазвоньвалі іх залатыя ланцужкі. Крокі хутка аціхлі. Аляксандр азірнуўся і ўбачыў чатыры нерухомыя постаці з кароткімі коп'ямі. Ахоўнікі стаялі на тонкай мяжы паміж паўсвятлом і цемрай. Па іхняй нерухомасці Аляксандр зразумеў, што ахоўнікі ўбачылі перад сабой двух Аляксандраў. Але што ім было да Аляксандраў, бо падпарадкоўваліся яны толькі Тыяры. Зараз носьбіт Тыяры сядзеў на залатым Аляксандравым троне, і яны чакалі ад яго слова-загаду. А гэты загад мог прынесці смерць паўголаму чалавеку, які стаяў пасярод троннай залы,— Аляксандру Македонскаму. Неўзабаве Аляксандр убачыў, што ўслед за ахоўнікамі сцены быццам прапускаюць скрозь сябе жрацоў Эсагілы. Аляксандру падалося, што той, на троне, быццам збіраецца падняць руку, і тады ён закрычаў. Гэта быў той покліч, які грозным рэхам для суседніх плямёнаў разносіўся па яго родных македонскіх гарах. Верныя гопліты ў доўгіх мідзійскіх каптанах, да якіх яшчэ не паспелі як след прызвычаіцца, з аголенымі мячамі ў руках распіхалі натоўп, вырвалі суліцы з рук ахоўнікаў-персаў і шчыльна — плячо для пляча — акружылі свайго цара. Гэта быў іхні цар. Яны пазналі б яго ў любым адзенні: і ў бліскучых бабілёнскіх аксамітах, і ў рыззі эпірскага пастуха. I няважна было, ці сядзеў ён на залатым троне, ці стаяў паўголы, як зараз, пасярод палаца. Яны пазналі б яго, бо гэта быў іхні цар. Сын правадыра македонскіх горцаў, правадыр македонскіх горцаў. I сам ён быў македонскім горцам, не зважаючы на бліскучую элінскую адукаванасць, на нязручную мідзійскую вопратку, на тое, што сталіцу ён абраў у спякотным семіцкім Бабілёне пасярод былой Персідскай дзяржавы за многія тысячы стадыяў ад роднай утульнай Пелы. Гэта быў іхні цар, і імя ягонае яны неслі да багатай на ваду Гангі на канцах сваіх сарыс. Далей не здолелі, бо ваяваць там прыходзілася ў асноўным не з храбрымі кшатрыямі, а з мошкамі, балотамі ды непраходнымі джунглямі, дзе кожная галінка лёгка магла пераўтварыцца ў атрутаносную змяю, дзе па начах вялізныя каты-людажэры хрумсцелі касцьмі неасцярожных. Гэта быў іхні цар, і за кожны шнар — след сумеснага паходу — за кожны шнар па ягоным целе яны, верныя ваяры, лёгка аддадуць і пярэстыя мідзійскія каптаны, і свае жыцці, якімі даўно распарадзіліся непрыкметная ўсёмагутная Ціхе і грозны бог шчыта і дзіды Арэс.
За шырокімі спінамі гоплітаў можна было і не баяцца. Але Аляксандр ужо і не баяўся. Ён ніколі не быў баязліўцам, а той страх — толькі хвілінка, хвілінка, не больш. Ён азірнуўся вакол сябе. Там, за сталёвым колам ваяроў, ён убачыў цэлы натоўп: еўнухі, пакаёвыя чыны, святары і шмат яшчэ нейкіх людзей. А той «Аляксандр-на-троне» сядзеў, нібыта васковая лялька, не рушачы ні нагой, ні рукой. I толькі дуркаватая ўсмешка перабягала з вуснаў у вочы, з вачэй на вусны. Аляксандр яшчэ раз зірнуў на двайніка, на натоўп, і тут яго пачаў душыць амаль ідыёцкі смех, таму гучныя словы застраглі ў горле, а замест іх вырваўся ці то хрыпаты шэпт, ці то клёкат на ніжнемакедонскім дыялекце:
— На калені перад царом Азіі.